
- Значыць, не?
- П'ер застанецца са мной, - мякка сказала яна, - я вельмi добра з iм ладжу.
- Пры ўмове, што займаешся дурасцямi цэлы дзень.
Ева ўсмiхнулася i кiнула на бацьку нейкi надзiва кплiвы i цi не вясёлы позiрк. "Так i ёсць, - раззлавана падумаў пан Дарбеда, - яны толькi гэтым i займаюцца; прабаўляюцца ў ложку".
- Ты, напэўна, ужо зусiм тут здурнела, - сказаў ён i ўстаў.
Ева сумна ўсмiхнулася i шапнула нiбыта сабе:
- Не зусiм.
- Не зусiм? Я толькi адно магу табе сказаць, маё дзiцё, ты мяне палохаеш.
Ён паспешлiва яе пацалаваў i выйшаў. "Трэба было б, - падумаў ён, спускаючыся па лесвiцы, - прыслаць ёй пару добрых здаравякоў, каб яны сiлай забралi ў яе гэтае Богам пакрыўджанае няшчасце ды сунулi яго пад душ, i не пыталiся - хоча ён таго цi не".
Стаяў пагодны восеньскi дзень, цiхi, без нiякiх загадак; сонца залацiла прахожым твары. Пана Дарбеду нечакана ўразiла iх адкрытая прастата: адны былi загарэлыя, другiя гладкiя, але на кожным адбiлiся i свая радасць, i свае турботы, такiя знаёмыя i яму.
"Я ведаю, за што папракаю Еву, - падумаў ён, паварочваючы на бульвар Сэн-Жэрмен. - Я папракаю яе за тое, што яна жыве па-за ўсiм чалавечым. Бо П'ер ужо не чалавек. I ўвесь той клопат, усю любоў, што яна аддае яму, - яна iх забiрае ў другiх: ва ўсiх гэтых. Нiхто не мае права адгароджваць сябе ад людзей; як нi круцi - мы жывём у грамадстве".
Ён з прыязнасцю зiрнуў на прахожых; яму падабалiся iх сур'ёзныя, ясныя вочы. На гэтых залiтых промнямi вулiцах, сярод людзей пачувалася неяк надзейна, бяспечна, як у вялiкай сям'i.
Жанчына з распушчанымi валасамi спынiлася перад раскладзенымi проста пад адкрытым небам таварамi. За руку яна трымала дзяўчынку.
- Што гэта? - спытала дзяўчынка, паказваючы на радыёпрыёмнiк.
- Нiчога не чапай, - адказала ёй мацi. - Гэта прыёмнiк, ён робiць музыку.
