Пэўны момант яны стаялi моўчкi, з захапленнем разглядаючы апарат. Пан Дарбеда расчулена схiлiўся да дзяўчынкi i, зазiрнуўшы ёй у вочы, усмiхнуўся.

II

"Пайшоў". Дзверы на лесвiцу суха клацнулi i зачынiлiся; Ева была ў салоне адна: "Няхай бы ён лепей памёр".

Яе рукi сцiснулi спiнку фатэля: яна ўспомнiла бацькавы вочы. Як пан Дарбеда, з выглядам знаўцы, схiлiўся да П'ера, як сказаў яму: "Гэта смачна!" такiм тонам, нiбыта ён ведае, як трэба гутарыць з хворымi. Як глядзеў на яго, i П'ерава аблiчча адбiвалася ў яго вялiкiх, глыбокiх, спрытных вачах. "Я ненавiджу яго, калi ён так яго разглядае, ненавiджу, калi толькi падумаю, што ён яго бачыць".

Евiны рукi саслiзнулi з фатэля, i яна павярнулася да акна. Яе вочы адразу аслеплi ад яркага сонца. Увесь пакой быў запоўнены яго промнямi; яны лезлi паўсюль: ляжалi бялявымi плямамi на дыване, вiселi сляпучым пылам у паветры. Ева даўно ўжо адвыкла ад такога бессаромнага, такога стараннага асвятлення, што вылiзвала кожны кут, надрайвала мэблю i прымушала яе блiшчаць, як руплiвая гаспадыня. I ўсё ж яна падышла да акна i прыўзняла фiранку. Якраз у гэты момант з будынка выйшаў пан Дарбеда. Нечакана для сябе Ева ўбачыла яго шырокiя плечы. Бацька падняў галаву, лыпаючы вачыма, зiрнуў на неба i, як падлетак, шырока ступаючы, рушыў прэч. "Мацуецца, - падумала Ева, - нiчога, хутка ў яго пачнецца яго калаццё". Нянавiсць у ёй ужо знiкла: за што яго ненавiдзець - у гэтай галаве нiчога няма, апроч хiба сама маленькага клопату выглядаць маладзейшым. Але калi яна ўбачыла, як бацька павярнуў на бульвар Сэн-Жэрмен i знiк, яе зноў ахапiла злосць. "Ён думае зараз пра П'ера". Нейкая частка iх жыцця вырвалася з гэтага зачыненага для ўсiх пакоя, i цяпер яе ганяла па вулiцах, пад сонцам, пад нагамi ў людзей. "Няўжо нас так i не здолеюць нiколi забыць?"

Вулiца Бак была амаль бязлюдная. Старая кабета дробным трушком пераходзiла праезджую частку; смеючыся, прайшлi тры дзяўчыны. I потым - мужчыны - дужыя i сур'ёзныя, яны неслi ў руках партфелi i гаманiлi памiж сабой. "Нармальныя", падумала Ева i сама здзiвiлася, заўважыўшы ў сабе столькi нянавiсцi. Тоўсценькая прыгожая жанчына кiнулася насустрач элегантнаму пану. Той абхапiў яе рукамi i пацалаваў у вусны. Ева выцiснула чэрствы смяшок i апусцiла фiранку.



16 из 29