
- Пасадзiць мяне пад замок! - з iронiяй паўтарыў П'ер. - Яны там сапраўды, вiдаць, з глузду з'ехалi. Ды што гэта мне, што мне iх сцены? Яны думаюць, напэўна, што гэта здолее мяне спынiць. Я часам нават пачынаю думаць - можа, ёсць дзве банды? Сапраўдная, мурынава, i яшчэ адна - банда якiх-небудзь прыдуркаў, што хочуць паўсюль сунуць свой нос i лепяць дурасць на дурасцi.
Ён ускiнуў над падлакотнiкамi фатэля рукi i з задавальненнем, уважлiва на iх паглядзеў.
- Сцены... Сцены мы пройдзем. Што ты яму адказала? - спытаў ён i з цiкаўнасцю павярнуўся да Евы.
- Што цябе не пасадзяць.
П'ер пацiснуў плячыма.
- Не трэба было так казаць. Ты таксама зрабiла памылку. Прынамсi, калi не сказала гэтага наўмысна. Трэба даць iм выкласцi ўсе iх карты.
Ён змоўк. Ева сумна апусцiла галаву. "Яны iх хапаюць!" Якiм грэблiвым тонам ён гэта сказаў - i як гэта дакладна. "Няўжо i я - таксама хапаю? Дарма я сачу за сабой: па-мойму, большасць маiх рухаў усё роўна яго раздражняюць. Ён проста не кажа мне гэтага". Раптам яна адчула сябе няшчаснай i вiнаватаю, як тады, калi ёй было чатырнаццаць i панi Дарбеда, яшчэ лёгкая i жвавая, казала ёй: "Можна падумаць, што ты проста не ведаеш, куды падзець свае рукi!" Ева баялася варухнуцца, але якраз у гэты момант адчула неадольнае жаданне перамянiць паставу. Стараючыся не дакранацца да дывана, яна паволi падабрала ногi пад крэсла. Яе вочы глядзелi на настольную лямпу, падстаўку ў якой П'ер пафарбаваў чорнаю фарбай, i на шахматную дошку. На дошцы П'ер пакiнуў толькi чорныя пешкi. Часам ён уставаў, падыходзiў да стала i браў iх адну за адной. Ён гаманiў з iмi, называючы iх Робатамi, i здавалася, пешкi ажываюць у яго руках нейкiм цёмным, глухiм жыццём.
