
- Агата?
П'ер ужо расплюшчыў вочы i глядзеў на яе з усмешкай.
- А ведаеш, што вiдэлец? - сказаў ён. - Гэта я, каб напалохаць гэтага тыпа. А так - у iм амаль нiчога не было.
Евiны апасеннi знiклi, i яна, цiха i коратка засмяяўшыся, сказала:
- Гэта табе выдатна ўдалося. Ён сапраўды ледзь не звар'яцеў ад страху.
П'ер усмiхнуўся.
- Ты бачыла? Як ён пачаў яго круцiць, ухапiўся ледзь не аберуч. I вось што, заўваж, - сказаў ён, - яны не ўмеюць браць рэчы: яны iх хапаюць.
- Твая праўда, - сказала Ева.
П'ер мякка пастукаў па левай далонi ўказальным пальцам правай рукi.
- Вось яны чым бяруць. Спачатку падносяць пальцы i, як толькi ўдалося спаймаць прадмет, адразу цiснуць на яго ўсёй далоняй - каб прыдушыць.
Ён гаварыў хутка, аднымi кончыкамi губ; выгляд у яго быў азадачаны.
- Цiкава, чаго яны хочуць? - нарэшце прамовiў ён. - Гэты тып ужо прыходзiў раней. Навошта яны яго падсылаюць? Калi iм хочацца ведаць, што я раблю, яны могуць проста зiрнуць на экран - дзеля гэтага iм нават не трэба нiкуды выходзiць. Значыць, i яны робяць памылкi. Маюць такую ўладу i робяць памылкi. А я - не раблю, гэта мой козыр. Хофка, - сказаў ён, - хофка! - Ён замахаў перад iлбом рукамi. - Сволач. Хофка, пафка, суфка! Што, хочаш яшчэ?
- Звон? - спыталася Ева.
- Звон. Уцёк, - сказаў ён i сярдзiтым голасам пачаў далей развiваць сваю думку. - Гэты тып - iх падначалены. Ты яго ведаеш, ты выходзiла з iм у салон.
Ева не адказала.
- Што ён хацеў? - спытаў П'ер. - Ён павiнен быў табе гэта сказаць.
Нейкае iмгненне Ева вагалася i потым адказала з жорсткай цвёрдасцю ў голасе:
- Ён хацеў, каб цябе пасадзiлi пад замок.
Калi П'еру старалiся сказаць праўду мякка, ён ставiўся да яе з недаверам, яму трэба было рэзаць яе прама ў вочы, каб аглушыць, паралiзаваць яго падазрэннi. Ды Ева i сама лiчыла, што лепш абысцiся з iм жорстка, чым ашукаць: калi яна хлусiла i ён, здавалася, даваў гэтаму веры, яна не магла адолець у сабе пачуцця перавагi, за якое сама сябе ненавiдзела.
