
Праз пэўны час ён дадаў:
- Прызнаюся табе, мне непрыемна думаць, што яна там з П'ерам адна, асаблiва ноччу. Уявi, што, калi што здарыцца. У П'ера, дарэчы, увогуле нейкi дужа ўжо хiтры выгляд.
- Не ведаю, - адказала панi Дарбеда, - цi трэба праз гэта так хвалявацца. Асаблiва калi ўлiчыць, што ў яго заўсёды быў такi выгляд. Увесь час здавалася, што ён з усiх кпiць. Небарака, - сказала яна, уздыхнуўшы, - быць такiм ганарыстым i дайсцi да такога. Ён жа лiчыў сябе разумнейшым за ўсiх нас. Якiм тонам ён казаў табе: "Вашая праўда", - каб толькi закончыць спрэчку... Гэта яшчэ дзякуй Богу, што ён не можа ўбачыць, у якiм ён стане.
Яна з непрыязнасцю ўспомнiла яго доўгi, заўсёды крыху схiлены ўбок iранiчны твар. Першы час пасля Евiнага вяселля панi Дарбеда вельмi хацела, каб яе адносiны з зяцем зрабiлiся болей блiзкiмi. Але як яна нi старалася, усё было марна: той заўсёды быў вельмi маўклiвы, амаль нiколi не гаманiў i з усiм адразу згаджаўся з абсалютна абыякавым выглядам.
Пан Дарбеда развiваў сваю думку.
- Франшо мне паказваў, якiя ў iх там умовы, - сказаў ён. - Проста цудоўныя! У кожнага хворага - свой пакой, скураныя фатэлi - калi ласка, ложкi-канапы. Нават тэнiс ёсць, ведаеш. А яшчэ збiраюцца будаваць басейн.
Ён стаяў насупраць акна i пазiраў скрозь шыбу, крыху калываючыся на сагнутых нагах. Раптам, не вымаючы рук з кiшэняў i ўвагнуўшы плечы, ён спрытна крутануўся на абцасах. Панi Дарбеда адчула, як яе пачынае прашыбаць пот: гэта паўтаралася кожны раз; зараз ён пачне кiдацца з кута ў кут, як мядзведзь у клетцы; i пры кожным кроку чаравiкi ў яго будуць рыпець.
- Мiлы дружа, - сказала яна, - я малю цябе, сядзь, ты мяне вельмi стамляеш. - I з няўпэўненасцю ў голасе дадала: - Я маю сказаць табе нешта важнае.
