
Пан Дарбеда сеў у нiзкi фатэль i паклаў далонi сабе на каленi; па спiне ў панi Дарбеды прабегла дробная дрыготка: час прыйшоў, ёй трэба было ўсё расказаць.
- Ты ведаеш, - сказала яна i ад збянтэжанасцi закашлялася, - ты ведаеш, што я бачылася з Евай у аўторак.
- Ну.
- Мы пагаманiлi з ёй пра тое, пра сёе, шмат пра што ўспомнiлi. Яна была вельмi мiлая. Я даўно ўжо не бачыла яе такою даверлiваю. Ну, я крыху яе распытала, разгаварыла яе наконт П'ера. I вось... я даведалася, - дадала яна зноў збянтэжаным голасам, - я даведалася, што яна вельмi iм даражыць.
- Мне гэта, чорт раздзяры, добра вядома, - сказаў пан Дарбеда.
Ён крыху раздражняў панi Дарбеду, яму заўсёды трэба было тлумачыць кожную дробязь - каб стаялi ўсе кропкi над "i". А панi Дарбеда марыла жыць сярод людзей чуйных i вытанчаных - такiх, каб разумелi яе заўсёды з паўслова.
- Ды не ж, - сказала панi Дарбеда, - я маю на ўвазе, што яна даражыць iм iначай, чым мы сабе гэта ўяўлялi.
Пан Дарбеда гнеўна закацiў злыя вочы, як рабiў кожны раз, калi не надта добра разумеў сэнс намёка цi нейкай навiны.
- Што? Што значыць "iначай"?
- Шарль, - прамовiла панi Дарбеда, - не стамляй мяне. Ты ж павiнен разумець, што ёсць рэчы, якiя мне, як мацi, можа быць цяжка назваць...
- Ды я нiводнага слова не разумею з усёй тваёй балбатнi, - знервавана сказаў пан Дарбеда. - Не хочаш жа ты сказаць, што?..
- Менавiта! - сказала яна.
- Дык яны ўсё яшчэ... яшчэ дагэтуль?
- Так! Так! Так! - з прыкрасцю адказала яна нiбы трыма сухiмi ўдарамi.
Пан Дарбеда развёў рукамi, апусцiў галаву i змоўк.
- Шарль, - занепакоена прамовiла жонка, - мне не варта было казаць табе гэтага. Але я ўсё роўна не здолела б трымаць гэта ў сабе.
- Наша дзiцё! - паволi выцiснуў ён. - З гэтым вар'ятам! Ды ён жа яе нават не пазнае! Ён называе яе "Агата". Ды гэта ж трэба, каб яна абсалютна страцiла пачуццё годнасцi!
