- А хiба ў цябе дрэнна iдзе гаспадарка, Сэм? - спытаўся ён. - Не павiнна. - Ён прамовiў гэта як мага спакайней.

Сэму таксама не хацелася спрачацца, але ён не мог справiцца з пачуццём горычы.

- Лепш ўжо быць батраком. Працуючы на iншага, ва ўсякiм разе, хоць у канцы кожнага тыдня атрымлiваеш грошы. А выручка з фермы - яе i не бачыш.

- Хiба ты нiчога не атрымаў ад ураджаю?

- Атрымаў, але, калi за ўсё заплацiў, грошай не хапiла нават на насенне, не кажучы пра нейкiя закупкi ў Дзюкэна. Я ўсё яшчэ выплачваю па закладной, а таксама нядоiмку за трыццатыя гады, i нават зямельную пазыку, якую бацька атрымаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцiм годзе.

Рой ведаў пра гэтыя даўгi, але якi фермер не мае даўгоў. Фермерам заўсёды даводзiлася выкручвацца, плацiць, калi ёсць чым, а не - дык залазiць у даўгi, праклiнаючы высокiя адсоткi i падаткi i зямельныя банкi, якiя абдзiралi iх да нiткi. I ўсё адно ён ведаў, што Сэм не павiнен быў так збяднець; збяднець аж да таго, каб спусцiць апошнюю свiнню. За ўвесь той доўгi час, што Мак-Нэйры апрацоўвалi зямлю, не было, здаецца, выпадку, каб хто-небудзь з iх прадаваў апошнюю свiнню, i дзеля чаго: на гарбату i цукар. Такое мог зрабiць толькi чалавек, даведзены да мяжы адчаю.

- На гэтых лясных фермах аднаму яшчэ можна перабiцца, - працягваў Сэм. Можна пракармiцца тым, што дае ферма: ёсць сваё масла, малако i хлеб, але для сямейнага чалавека гэтага мала, Рой. Мала.

- А я думаў, што цэны на хлеб зараз добрыя, - сказаў Рой.

- Яны добрыя з самай вайны, але што толку, калi на ўсё iншае цэны растуць яшчэ хутчэй. Да таго ж у мяне недаспела пшанiца i няма кармоў. Усё лета зямля мокла, i палова сена згнiла.

Рой аднак не мог зразумець.

- Але, калi зямля такая цяжкая, чаму ты вясной не пасеяў гарох альбо нейкую iншую гароднiну?

- Ды не цяжкая яна, - сказаў Сэм, - а ўся забалочаная, пракiсла.

- Дык асушы яе.



12 из 200