
- Ты ж ведаеш, толькi пярэдняе поле ўзарана як след. Усё астатняе макрэча.
- А хiба нельга было дастаць машыну? Пракапаць канавы?
- У мяне толькi дзве рукi, - сказаў Сэм. - Вось чаму табе i трэба застацца. Мы наладзiлi б асушку сядзiбнага надзела, выкарчавалi б сорак чацвёртую расчыстку, маглi б пасеяць чырвоную канюшыну, а мо кукурузу альбо бульбу. Мне патрэбны працоўныя рукi, Рой, а наняць я нiкога не магу.
- А я думаў, што ты выкарчаваў сорак чацвёртую яшчэ летам.
Руф Мак-Нэйр, заняпалая жанчына з пагардлiвым позiркам i адвiслымi грудзямi, прысела ля стала.
- Ён быў вельмi заняты, усё здаваў коней, - сказала яна, - а грошы трацiў Бог ведае на што. Усё лета прагуляў, глядзеў, як працуюць iншыя.
Сэм не спрачаўся з жонкай, i Рой ведаў, што справа тут не ў ляноце. Слабасць Сэма ў iншым: ён няздольны зразумець, што фермерства - гэта разлiк; разлiк ва ўсiм; нiколi не купляць насення больш, чым можаш пасеяць, нiколi не сеяць больш за тое, што можаш убраць, прадаючы, нiколi не пакiдаць жывёлу i сям'ю без прыпасаў. У Сэма не хапала для гэтага нi спрыту, нi жадання. Калi ён i страцiў марна ўсё лета, гэта сведчыла не пра ляноту, а хутчэй пра тое, што ён быў у адчаi.
- А як конi? Працуюць? - Роя гэта цiкавiла асаблiва, бо гэта ён купiў брату двух цяжкавозаў-клайдсдэляў, купiў толькi два гады таму, затрацiўшы на гэта паўгадавую выручку ад палявання. Але i гэта не паспрыяла Сэму.
- Я прадаў запрэжку, - сказаў Сэм i ўпершыню зiрнуў на Роя.
- Навошта, Сэм, - злосна ўсклiкнуў Рой. - Гэта была лепшая запрэжка ў Сент-Элене!
Сэм спрабаваў нешта сказаць, але ў яго нiчога не атрымалася.
Рой пашкадаваў пра сваю нястрыманасць. Сваё здзiўленне i гнеў ён нейтралiзаваў звыклым намаганнем трымаць язык за зубамi. Яму стала шкада брата, ён быў горка расчараваны i прыгнечаны тым, што гэты развал адбываецца на яго вачах, не толькi душэўны распад брата, але i распад дома, сямейнага кутка.
