- Пра гэта ты казаў яшчэ чатыры гады таму.

- Казаў i зараз кажу, - мiрна запярэчыў Рой. - З Муск-о-гi скончана. Можна аддаць тэрыторыю Бобу i iншым Аджыбуэям.

У свой час Муск-о-гi быў паляўнiчай тэрыторыяй iндзейскага племенi Аджыбуэяў. Гэта яны назвалi так недаследаваную прастору, якая раскiнулася на поўнач ад возера Гурон аж да хрыбта Срэбны Даляр. Пiянеры выжылi адтуль iндзейцаў, i на працягу двухсот гадоў заказнiк Муск-о-гi добра служыў паляўнiчым i дробным фермерам. Ён i зараз кармiў iх, асаблiва тых трынаццаць трапераў, якiя мелi там паляўнiчыя ўчасткi; але Рой перакананы, што ў Муск-о-гi хутка паляўнiчым не будзе чаго рабiць.

- Праўда, Джэк, - сказаў ён, - вось i дапалявалiся.

- Дык што ж цябе тут трымае? - спытаўся Бэртан. - Трэба хутчэй перасоўвацца на поўнач, а то будзе позна. Усе паляўнiчыя Муск-о-гi разявяць рот на новыя ўчасткi на поўначы, i на будучы год ты застанешся са сваiм iнтарэсам. Дык што ж цябе тут трымае? - Джэк Бэртан ведаў, што ўтрымлiвае Роя. Рой любiў вяртацца з лясоў у сваё абжытае жытло. Рою цяжка будзе падацца далёка на поўнач i адрэзаць сябе ад сваiх, стаць бяздомнай лясной скацiнай. Але, з iншага боку, за пятнаццаць гадоў сумеснага палявання Бэртан ведаў, як патрэбен Рою лес. У Роя не было iншага жыцця.

- Але калi ты не прыспешыш свае пярэбары на поўнач, Рой, табе давядзецца тут калупаць зямлю за кавалак хлеба. - Зважаючы на тое, што Рой адразу ж стаў змрочны, Джэк зразумеў, якая для яго гэта страшэнная пагроза, i пашкадаваў, што сказаў пра гэта падкрэслена выразна.

- Раней ты станеш прэм'ер-мiнiстрам, чым я фермерам, - прамовiў Рой i ўсмiхнуўся свайму ранейшаму таварышу па паляванню. - Эх ты, фермер Джэк! сказаў ён. - Фермер Джэк!

- Ну i што, што фермер? Чаму гэта дрэнна?

- Нядрэнна для хворага i для жанатага, бо што яшчэ застаецца? Але каб у цябе была хоць якая мажлiвасць, ты заўтра ж вярнуўся б у лес. - Рой ведаў, што гэта не зусiм так. Джэк Бэртан быў фермерам ад нараджэння i па добрай волi, але ён надта зжыўся з лесам, каб забыцца пра яго канчаткова. Хоць ён i адмовiўся ад палявання, але адзiн раз у год выпраўляўся ў лес, - каб назапасiць аленiны, як ён сам казаў, але на самай справе - i Рой гэта ведаў, каб выгнаць з сябе лес на ўсю рэшту года. - Ну як, збiраешся сёлета? спытаўся Рой.



5 из 200