
- Мажлiва i выберуся ў лес да Каляд на аленя, - адказаў Бэртан.
- Слядоў многа, - прамовiў Рой, - а самога аленя не бачыў.
- А ласi?
- Ну, лася заўсёды ўпалюеш. Справа ў тым, каб высачыць яго раней за Мэрэя або Зела Сен-Клера. Яны ўжо торкаюць свой нос ва ўсе ўчасткi, рыхтуюцца да зiмовага палявання.
- А iнспектар рыхтуе iм па добрай турэмнай камеры. Мэрэю адваляць дзесяць гадоў, калi iнспектар зловiць яго, а Зел - той адразу трапiць у Форт-Уэнтварт. Iнспектар папярэдзiў, што ў горадзе, яго не зачэпiць, але калi сустрэне ў лесе, дык пасадзiць абавязкова. А Мэрэя пасадзяць, дзе б ён нi трапiўся.
- Няхай толькi не спрабуе лавiць iх у лесе. А то калi сустрэнуць яго там Мэрэй або Зел - будзе лiха.
- Глядзi, не давай iм дазволу на карыстанне тваiмi хiбарамi, - хутка сказаў Бэртан.
- Але хiба iх упiльнуеш? Яны як снег, выпаў - i няма яго. А Мэрэн я не бачыў цэлае лета.
- А Зел толькi што заявiўся ў горад, - паведамiў Джэк.
Рой недачуў, i яму стала вельмi прыкра.
- Хто прыйшоў у горад? - спытаўся ён.
- Зел Сен-Клэр, - адказаў Джэк.
- А, Зел! - Рой зiрнуў на Джэка, яму хацелася даведацца, цi не вярнуўся Эндзi Эндрус; але спытаць пра Эндзi было для яго вялiкай пакутай, як пакутай было для Джэка Бэртана сказаць хоць слоўка пра былога iхняга супольнiка, хоць Джэк ведаў, як турбуе гэта Роя.
- А дзе Зел? - спытаўся Рой, зноў праганяючы з галавы Эндзi, пераконваючы сябе, што i сёлета, як i раней, Эндзi не з'явiўся i не з'явiцца нiколi. Пайшоў i не вернецца. - Хiба Зел працуе на дарозе? - спытаўся ён у Джэка.
