- Спачатку я намервалася застацца, - сказала яна. - Прыпасаў дома было поўна, i па мне лепей было б кармiць некалькi салдатаў, чым перцiся немаведама куды ў свет. Але калi я пабачыла iх, гэтых прусакоў, то ўжо не магла саўладаць з сабою! Усё ўва мне так i пераварочвалася ад злосцi, я цэлы дзень праплакала ад сораму. Ох, была б я мужчынам, я iм паказала б! Я глядзела ў акно на гэтых свiнтухоў у вастраверхiх касках, а пакаёўка трымала мяне за рукi, каб я не пашпурляла iм на галовы ўсю маю мэблю! Потым яны з'явiлiся да мяне на пастой, i я першага ж ухапiла за горла. Задушыць немца не цяжэй, чым каго другога! I я б яго прыкончыла, калi б мяне не адцягнулi за валасы. Пасля гэтага давялося хавацца. А як толькi надарылася магчымасць, я выехала - i вось я тут.

Усе хвалiлi яе. Яна адразу вырасла ў вачах у сваiх спадарожнiкаў, якiя не выявiлi такой адвагi; Карнюдэ, слухаючы яе, усмiхаўся адабральнай i зычлiвай усмешкай апостала: гэтак святар слухае набожнага чалавека, якi славiць Бога, бо пышнабародыя дэмакраты зрабiлiся такiмi самымi манапалiстамi ў дачыненнi да патрыятызму, як свяшчэннаслужыцелi - у пытаннях набожнасцi. Потым ён загаварыў павучальным тонам, узнёсла, засвоеным з пракламацый, якiя штодня расклейвалiся на сценах, i завяршыў красамоўнай тырадай, якою бязлiтасна расправiўся з "гэтай падлай Бадэнге"!

Але Пампушка зазлавалася: яна была банапартыстка. Яна запунсавела, як вiшня, i, заiкаючыся ад абурэння, вымавiла:

- Хацела б я пабачыць вас на яго месцы! Вы лепшыя былi б, то дзiва! Ды гэта ж вы i прадалi яго! Калi б Францыяй кiравалi штукары накшталт вас, толькi б i заставалася - уцякаць без аглядкi!

Непарушны Карнюдэ, як i раней, усмiхаўся пагардлiва, але адчувалася, што вось-вось выбухне сварка; тут умяшаўся граф i не без цяжкасцi супакоiў разгневаную жанчыну, уладна заявiўшы, што любое шчырае перакананне заслугоўвае павагi.



14 из 39