Мiж тым графiня i фабрыкантава жонка, якiя ў душы, як i ўсе пачцiвыя людзi, падсвядома насiлi нянавiсць да Рэспублiкi i дужа ўласцiвую ўсiм жанчынам цягу да прыдворнай мiшуры i дэспатычных манархаў, адчулi мiжвольную сiмпатыю да гэтай прастытуткi, якая трымалася з зайздроснаю годнасцю i выказвала пачуццi, якiя апаноўвалi i iх.

Карзiна была спарожнена. Удзесяцёх яе лёгка спустошылi i толькi пашкадавалi, што яна малаватая. Размова доўжылася яшчэ пэўны час, хоць i стала меней ажыўленая, як толькi кончылася яда.

Вечарэла, змрок спакваля гусцеў; пры страваваннi холад заўжды робiцца асаблiва адчувальны, i Пампушка дрыжала, нягледзячы на сваё сальца. Панi дэ Брэвiль прапанавала ёй сваю грэлку, у якую ўжо адзiн раз падкладвала вугаль; Пампушка адразу згадзiлася, бо ногi ў яе ўжо зусiм заледзянелi. Панi Карэ-Лямадон i панi Люазо аддалi свае грэлкi манашкам.

Фурман запалiў лiхтары. Яны ярка асвяцiлi воблачка пары над потнымi крыжамi караннiкоў i снег абапал дарогi, якi бясконцым сувоем слаўся ў рухомым водблiску iх агнёў.

У дылiжансе ўжо нiчога нельга было разгледзець; неспадзявана ў кутку, дзе сядзелi Пампушка i Карнюдэ, узнiк нейкi рух; Люазо, якi пiльна ўзiраўся ў цемру, падалося, што барадач рэзка адхiснуўся, быццам атрымаў моцны тумак.

Уперадзе на даляглядзе паказалiся дробныя агеньчыкi. Гэта быў Тот. Ехалi ўжо адзiнаццаць гадзiн, а калi дадаць дзве гадзiны, патрачаныя на чатыры супынкi, каб пакармiць коней i даць iм перадыхнуць, дык выходзiла ўсе трынаццаць. Дылiжанс уехаў у мястэчка i спынiўся каля "Гандлёвага гатэля".

Дзверцы расчынiлiся. I раптам пасажыры здрыганулiся, пачуўшы добра знаёмы гук: бразгат аб дол шаблi. I ў той жа момант рэзкi голас нешта крыкнуў па-нямецку.

Нягледзячы на тое, што дылiжанс спынiўся, нiхто з пасажыраў не крануўся з месца; усе быццам баялiся, што варта iм выйсцi, як iх адразу пазабiваюць. З'явiўся фурман з лiхтаром у руцэ i знянацку асвяцiў у карэце два шэрагi перапалоханых твараў з раскрытымi ратамi i шырока расплюшчанымi ад здзiўлення i жаху вачамi.



15 из 39