
Ён сказаў:
- Бо як нiчога не трэба забываць, дык ты папярэдзь бацьку, каб ён сабраў увесь пасаг. Я вазьму яго з сабой i адразу заплачу грошы мэтру Папiену.
Яна адказала:
- Я пагавару з iм ранiцай.
I ён падхапiў яе на рукi, каб зноў нацешыцца ў мiлай гульнi, што так прыйшлася ёй да смаку за| апошнi тыдзень.
У другую сераду цесць з цешчай праводзiлi на вакзал дачку з зяцем, якiя выбралiся ў сталiцу.
Цесць казаў:
- Клянуся, вялiкая рызыка браць з сабою такiя грошы.
Але малады юрыст усмiхнуўся.
- Нi пра што не хвалюйцеся, тата, - казаў ён, - я да ўсяго звыклы. Разумееце, з маёй прафесiяй мне часам надараецца трымаць у кiшэнi мiльён франкаў. Такiм чынам мы абмiнаем безлiч фармальнасцей i не марнуем часу. Не бярыце гэтага да галавы.
Кандуктар крыкнуў:
- Пасажыры на Парыж - па вагонах!
Яны прайшлi ў купэ, дзе ўжо сядзелi дзве старыя кабеты.
Лебруман шапнуў жонцы на вуха:
- Шкада, не змагу закурыць.
Яна цiхенька адказала:
- I мне вельмi шкада, але зусiм не таму.
Цягнiк даў свiсток i паехаў. Яны ехалi гадзiну i амаль усю дарогу маўчалi, старыя так i не заснулi.
Калi яны апынулiся пад дахам вакзала Сэн-Лазар, мэтр Лебруман сказаў жонцы:
- Хочаш, дарагая, сходзiм спачатку паснедаем на бульвары, а пасля спакойна вернемся па багаж i паедзем у гатэль.
Яна адразу згадзiлася:
- О! Добра, паснедаем у рэстаране. А ён далёка?
Муж адказаў:
- Ага, далекавата, але мы паедзем у омнiбусе.
Яна здзiвiлася:
- А чаму не на фiякры?
Ён дабрадушна забурчаў:
- Бач якая ты зборлiвая, браць фiякр на пяць хвiлiн дарогi, кожная хвiлiна - шэсць су, багата жывеш.
- I праўда што, - трохi сумеўшыся, сказала яна.
Мiма якраз праязджаў вялiзны омнiбус, якi цягнулi трое коней. Лебруман крыкнуў:
- Кандуктар, гэй, кандуктар!
