Непаваротлiвая махiна прыпынiлася, i малады натарыус падштурхнуў жонку, сказаўшы ёй:

- Прайдзi ў сярэдзiну, а я залезу наверх, выкуру перад снеданнем хоць адну цыгарэту.

Яна не паспела адказаць, бо, каб дапамагчы ўскочыць на прыступку, кандуктар падхапiў яе пад руку i ўцягнуў у салон. Ашаломленая, яна ўпала на лаўку i, збянтэжаная, убачыла праз задняе акно ногi мужа, якi караскаўся на iмперыял.

Маладая жанчына апынулася памiж тоўстым панам, якi пахнуў люлькай, i старой, ад якой патыхала сабакам.

Астатнiя пасажыры, якiя моўчкi сядзелi радком, - служка з бакалейнай крамы, работнiца, сяржант-пехацiнец, васпан з залатымi акулярамi i ў ядвабным капелюшы з вялiзнымi, закручанымi ў трубку палямi, дзве самавiтыя надзьмутыя панi, што нiбы казалi сваiм выглядам: "Мы тут, але не раўнуйце нас з тымi", дзве манашкi, проставалосая дзяўчына i далакоп - былi падобныя на збор карыкатур, на музей гратэскаў, здавалiся галерэяй шаржаў на чалавека, камiчнымi лялькамi, у якiх страляюць у кiрмашовых цiрах.

Ад хiстанняў омнiбуса галовы пасажыраў матлялiся i гойдалiся, трэслася друзлая скура на шчоках; колы падскоквалi, i людзi здавалiся ачмурэлымi i соннымi.

Маладая жанчына адчувала млявасць.

"Чаму ён не пайшоў са мною, - думала яна. Яе прыгнятаў несвядомы сум. Ён, пэўна, мог бы абысцiся без гэтай цыгарэты".

Манашкi далi знак спынiцца i злезлi, пакiнуўшы па сабе прэсны пах старых спаднiц.

Омнiбус паехаў i зноў спынiўся. Увайшла чырвоная, задыханая кухарка. Яна села i паставiла на каленi кошык. На ўвесь салон моцна тхнула памыямi.

"Едзем далей, чым мне здавалася", - падумала Жана.

Далакоп выйшаў, i на яго месца сеў фурман, ад якога патыхала стайняй. Месца проставалосай заняў пасыльны, ад ног якога бiў пах усёй яго дзённай хаднi.

Жане было кепска, моташна, i немаведама чаму ёй хацелася заплакаць.

Адны людзi выходзiлi, другiя сядалi на iх месцы. Омнiбус ехаў па бясконцых вулiцах, спыняўся на прыпынках, зноў ехаў.



3 из 5