
20
Доркан, другi раз ашукаўшыся ў сваёй надзеi i намарна страцiўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калi яна будзе адна. I падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкi - аднаго дня Дафнiс, другога дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хiтрасць.
Ён узяў шкуру вялiкага воўка, якога некалi бык, абараняючы сваiх кароў, закалоў рагамi, захiнуўся ў яе з галавы да ног, пярэднiя лапы нацягнуў на свае рукi, заднiя - на ногi ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякi. Прыкiнуўшыся як мага найлепш дзiкiм зверам, iдзе ён да ручаiны, з якой пасля пашы пiлi козы i авечкi. У вельмi глыбокай упадзiне была ручаiна, усё месца навокал глушылася цярнiнаю, ажынаю, нiзенькiм ялаўцом i бадзякамi; лёгка мог бы там i сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калi надыдзе час вадапою, i меў вялiкую надзею, што ён перапалохае сваiм выглядам Хлою i яна апынецца ў ягоных руках.
21
Прамiнула няшмат часу, i Хлоя пагнала статкi да ручаiны, пакiнуўшы Дафнiса зразаць зялёныя парасткi на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакi, якiя беглi тут жа, сцерагучы авечак i коз, i па сабачай звычцы прынюхвалiся, учулi Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасцi на дзяўчыну, голасна загаўкалi i кiнулiся на яго, як на сапраўднага воўка; i перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногi, аблажылi яго i пачалi рваць шкуру.
