
18
"Што ж гэта зрабiў са мною Хлоiн пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы i вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалiнае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта - маленькiх ягнят i тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакiдае, сэрца хоча выскачыць, душа замiрае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзiўная хвароба, iмя якой я i назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўi, а мая сiрынга маўчыць; як скачуць казляняткi, а я нерухома сяджу; як цвiтуць кветкi, а я вянкоў не пляту! Расцвiтаюць лiлеi i гiяцынты, а Дафнiс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?"
19
Так пакутаваў i казаў наймiлейшы Дафнiс, першы раз спазнаючы ў слове i яве каханне.
А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпiльнаваўшы, калi Дрыяс паблiзу саджаў атожылкi вiнаграднай лазы, падышоў з некалькiмi адборнымi сырамi i даў iх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калi Дрыяс яшчэ сам пасвiў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жанiцьбу з Хлояй.
