
28
Такiя ўцехi даравала iм лета. Але калi была восень у самым росквiце i саспеў вiнаград, прысталi ў тыя мясцiны тырыйскiя пiраты на лёгкiм карыйскiм судне (каб iх за варвараў не палiчылi), высадзiлiся, узброеныя мячамi i ў паўпанцырах, пачалi рабаваць усё, што траплялася пад рукi: духмянае вiно, шмат збожжа, скрылi мёду; пагналi яны i некалькi кароў з Дорканавага статка. Схапiлi яны i Дафнiса, якi блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, якi здаўся iм больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнiкi не сталi трацiць больш намаганняў нi на коз, нi на iншае дабро ў ваколiцы, а пагналi яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы i моцна клiкаў Хлою. Яны хутка адвязалi канат i, хапiўшы ў рукi вёслы, адплылi ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сiрынгу ў падарунак Дафнiсу. Але бачачы коз, якiя ў бязладдзi разбеглiся, i чуючы, як Дафнiс мацней i мацней гукае яе, яна, не думаючы больш пра коз i авечак, кiнула сiрынгу i памчала бегма да Доркана прасiць дапамогi.
29
Але той ляжаў цяжка збiты разбойнiкамi, ледзь дыхаючы, сыходзячы крывёю. Убачыўшы Хлою, ён адчуў у сабе iскру даўнейшага кахання i прамовiў: "Хлоя, я зараз памру; бязбожныя пiраты, калi я змагаўся за сваiх валоў, мяне самога забiлi, як вала. Але ты павiнна ўратаваць для сябе Дафнiса, папомсцiцца за мяне, знiшчыць iх. Я прывучыў сваiх кароў слухацца гукаў сiрынгi i збягацца на яе поклiк, нават калi б далёка яны дзе пасвiлiся. Дык iдзi ж i, узяўшы гэтую сiрынгу, зайграй на ёй тую песню, якой я некалi навучыў Дафнiса, а Дафнiс цябе; пра ўсё астатняе парупяцца мая сiрынга i мае каровы, што апынулiся там. Я дару табе гэтую сiрынгу, з якою ў змаганнi, хто лепшы, шмат валапасаў i аўчароў перамог. А ты за гэта пацалуй мяне, пакуль яшчэ жывы, i аплач мяне, калi памру. А калi ўбачыш другога пастуха, што будзе пасвiць гэтыя кароўкi, успомнi пра мяне".
30
Сказаўшы гэта, пацалаваў яе апошнi раз,i разам з гэтым пацалункам i гэтымi словамi адляцела яго душа.
