А Хлоя, узяўшы сiрынгу i прыклаўшы да губ, зайграла наймацней, як толькi магла; i каровы чуюць песню, пазнаюць i, равучы, кiдаюцца ў адным парыве ў мора. Ад раптоўнага скачка карабель нахiляецца на адзiн бок, i пад цяжарам кароў марская бездань завiрыла, карабель пераварочваецца i тоне, хвалi сышлiся над iм. Тыя, што былi там, выскокваюць у ваду, але не ўсе з аднолькаваю надзеяй на ратунак. У пiратаў на поясе былi мячы, на грудзях лускаватыя паўпанцыры, а ногi аж да паловы прыкрывалi накаленнiкi, а Дафнiс, якi толькi што пасвiў на лузе коз, быў босы i напаўапрануты, бо гэтай парою было яшчэ горача. Нейкi час пiраты яшчэ плылi, але цяжкае ўзбраенне пацягнула iх у бездань; Дафнiс жа сваё адзенне лёгка скiнуў, але, плывучы, зазнаў мукi, бо раней плаваў толькi ў рэчках. Аднак пасля бяда навучыла, што яму рабiць; ён iрвануўся ў сярэдзiну кароў i, ухапiўшы аберуч дзвюх iх за рогi, рухаўся так без клопату i турбот, нiбы кiруючы павозкаю.

Гавяда ж плавае так, як нiводзiн чалавек, толькi ўступае вадзяным птушкам i самiм рыбам. Нiводная карова пры плаваннi не гiне, хiба толькi рог у яе на капытах размокне i адвалiцца. Пра гэта сведчаць аж да сёння многiя мясцiны на моры, якiя маюць назву "валовага броду".

31

Такiм чынам Дафнiс, насуперак усякаму спадзяванню, уратаваўся ад дваякай небяспекi: i ад разбойнiкаў адрабiўся, i ў моры не ўтапiўся. Выбраўшыся на сушу i знайшоўшы там Хлою, якая адначасна смяялася i плакала, кiнуўся ёй на грудзi i спытаўся, чаму яна на сiрынзе iграла; i яна яму ўсё расказала, як яна прыбегла да Доркана, i як яго каровы навучаныя былi, як ён загадаў ёй зайграць, i што Доркан памёр, толькi, засаромеўшыся, пра пацалунак не сказала. Пастанавiлi яны свайму дабрадзею апошнюю пашану аддаць, разам з Дорканавымi родзiчамi пахавалi няшчаснага. Яны шмат зямлi нанасiлi на яго магiлу, абсадзiлi яе многiмi садовымi дрэвамi i павесiлi ў гонар яго пачаткi свае працы; потым i малака ўзлiлi, расцiснулi вiнаградных гронак, паламалi шмат сiрынгаў.



15 из 75