Але паглядзi, цi пад твой узрост такi падарунак. Твая ж старасць не стрымае цябе, каб не гнацца за мною пасля аднаго пацалунка. Але не злавiць мяне нi ястрабу, нi арлу, нi якой iншай шпарчэйшай за iх птушцы. Я не хлопчык, нават калi i здаюся хлопчыкам, я старэйшы, чым Кронас i чым увесь час. Я ведаў цябе, калi ты яшчэ дзецюком пасвiў там на паплавах шырока расцягнуты статак, i я быў пры табе, як ты каля тых дубоў iграў на сiрынзе, калi быў закаханы ў Амарылiс. Але ты не бачыў мяне, хоць я стаяў вельмi блiзка ля дзяўчыны. Гэта я яе табе даў, i ты ўжо маеш сыноў - добрых валапасаў i земляробаў. Цяпер я пасу Дафнiса i Хлою,i калi я з самага ранку звяду iх, тады iду ў твой сад, i радуюся кветкам i кустам, i мыюся вось у гэтых крынiцах. Таму такiя прыгожыя кветкi i кусты, бо iх пояць воды, у якiх я купаюся. Паглядзi ж, цi хоць адзiн куст у цябе зламаны, цi якi плод сарваны, цi корань кветкi якой растаптаны, цi якая крынiца закаламучаная. I цешся, што сярод людзей ты адзiны ў старасцi ўбачыў гэтае дзiця".

6

Сказаўшы гэта, ён узвiўся, як малады салоўка, на кусты мiрту i, перебiраючыся з галiнкi на галiнку, дабраўся праз лiсце на вяршыню. Я заўважыў крыльцы ў яго за плячыма i мiж крыллем i плячыма невялiкi лук i стрэлы i больш не ўбачыў нi iх, нi яго самога.

"Калi я нездарма дажыў да сiвых валасоў i мой розум не здзяцiнеў ад старасцi, то вы, дзеткi, прысвечаны Эрасу i Эрас дбае пра вас".

7

З вялiкаю асалодаю, нiбы казку, а не праўдзiвае апавяданне, слухалi яны гэта i спыталiся ў яго, што ж такое Эрас, хлопчык цi птушка, i ў чым яго сiла. I Фiлет на гэта сказаў: "Эрас, дзеткi, бог малады, прыгожы, крылаты; таму яго цешыць маладосць, таму за красою ганяецца i душы ўскрыляе. А сiла яго такая, якой i Дзеўс не мае. Ён пануе над стыхiямi, пануе над зоркамi, пануе над такiмi, як сам, багамi; такой улады вы не маеце над сваiмi козамi i авечкамi. Усе кветкi - работа Эраса; гэтыя раслiны - яго стварэнне.



19 из 75