Бо гэтае ўзбярэжжа багатае на добрыя прыстанi, раскошна ўпрыгожанае будынкамi; скрозь купальнi, паркi, гаi: адно стварыла прырода, другое - людское ўмельства; усё цудоўнае для весялосцi. Плывучы ўздоўж берага i прыстаючы то тут, то там, яны весялiлiся, нiкому не чынячы нi найменшага лiха, то лавiлi з надморскай скалы на кручкi, прывязаныя тонкаю лескаю да доўгiх чароцiн, рыбу, што вадзiлася мiж камянёў; то з сабакамi i сеткамi лавiлi зайцоў, якiя ўцякалi ад гаманы ў вiнаграднiках. Выпраўлялiся яшчэ i на птушак, лавiлi ў сiло дзiкiх гусей, качак i дроф, так што апроч забавы яны мелi сеё-тое i на стол. Калi ж яшчэ ў чым была патрэба, бралi ў сялян, плоцячы iм большыя грошы, чым таго цана вымагала. Але трэба былi iм толькi хлеб, вiно ды начлег, бо яны ўважалi неасцярожным з прыходам восенi аставацца на ноч у адкрытым моры; таму, баючыся буры ўначы, яны выцягвалi карабель на бераг.

13

Аднаму селянiну трэба была вяроўка, каб падняць угору камень, якiм прыцiскаюць патаптаны вiнаград, бо старая вяроўка перацерлася, i ён употай прабраўся да мора, падышоў да карабля, якога нiхто не ахоўваў, адвязаў канат, панёс дадому i ўжыў на патрэбу. Назаўтра ранiцаю метымнейскiя дзецюкi пачалi шукаць канат, але нiхто ў крадзяжы не прызнаўся, i яны паплылi далей, палаяўшы трохi гаспадароў; адплыўшы на трыццаць стадый, яны прысталi ў тых мясцiнах, дзе жылi Дафнiс i Хлоя, бо раўнiна выдалася iм прыдатнаю да лову зайцоў. Вяроўкi ў iх цяпер не было, каб ужыць яе як прычальны канат; яны скруцiлi пярэвiтку з доўгiх зялёных лазiн i прывязалi ёю карму карабля да берага. Пасля гэтага, выпусцiўшы сабак высочваць дзiчыну, расставiлi на найбольш прыдатных сцежках сеткi. Сабакi, разбегшыся з моцным гаўканнем, напалохалi коз, i тыя, пакiнуўшы горныя схiлы, прабеглi ладна-такi да мора; не знайшоўшы на марскiм пяску нiчога пагрызцi, адважнейшыя з iх падышлi да карабля i згрызлi зялёную пярэвiтку, якою быў прывязаны карабель.

14

А на моры ўзнялося лёгкае хваляванне, з гор падзьмуў вецер.



22 из 75