Хваля, адплываючы, вельмi хутка падхапiла адвязаны карабель i панесла ў адкрытае мора. Як толькi заўважылi гэта метымнейцы, адны з iх пабеглi да мора, другiя сабралi сабак; усе яны ўзнялi такi лямант, што, пачуўшы яго, збеглiся ўсе людзi з наваколля. Але гэта анi не дапамагло, бо вецер падзьмуў з усяе моцы i карабель хутка i нястрымна адносiла плынню. Метымнейцы, страцiўшы нямала дабра, шукалi, хто ж пасвiў коз; i, знайшоўшы Дафнiса, пачалi яго бiць i зрываць з яго адзетак. Адзiн з iх, узяўшы сабачы павадок, загнуў Дафнiсу рукi назад, каб яго звязаць. Але Дафнiс крычаў, як яго бiлi, i малiў сялян аб паратунку, клiчучы найперш Ламана i Дрыяса на дапамогу. I тыя, два дужыя дзяды з моцнымi ад сялянскай работы кулакамi, далi адпор i запатрабавалi справядлiва разабрацца ў тым, што адбылося.

15

А таму, што на гэтым настойвалi i iншыя, то за суддзю прызначаюць Фiлета, валапаса: ён быў найстарэйшы з усiх тут i славiўся сярод вяскоўцаў надзвычайнаю справядлiвасцю. Напачатку метымнейцы выклалi сваю скаргу, ясна i сцiсла, бо за суддзю ж у iх быў валапас: "Мы прыехалi ў гэтыя мясцiны папаляваць на зайцоў. Прывязаўшы карабель зялёнаю лазою, мы пакiнулi яго на беразе, а самi пусцiлi сабак шукаць дзiчыну. Тым часам козы гэтага пастуха, прыйшоўшы да мора, зжыраюць лазу i адпускаюць карабель. Ты ж бачыў, як яго адносiла ў мора, i як ты думаеш, колькi на iм было дабра. Колькi адзення загiнула, а колькi сабачай аздобы, а колькi грошай! Калi б хто меў гэтулькi, мог бы купiць тутэйшыя палi. У абмен за гэта мы настойваем забраць яго паганага пастуха, якi сваiх коз пасе каля мора, нiбы марак".

16

Так выклалi метымнейцы сваю скаргу.

Пасля кухталёў Дафнiс адчуваў сябе пагана, але як убачыў, што Хлоя тут, на ўсё забыўся i так сказаў: "Я сваiх коз пасу добра. Нiколi яшчэ нiводзiн з вяскоўцаў не абвiнавацiў мяне, што мая каза ў яго садзе ласавалася або вiнаградны парастак паламала. А вось гэтыя - сапраўды паганыя лоўчыя, i сабакi iх кепска навучаныя: носячыся шалёна i злосна гаўкаючы, яны маiх коз з гор i пашаў да мора, як ваўкi, сагналi.



23 из 75