
27
"О сама злачынныя i сама бязбожныя з людзей, як маглi вы, звар'яцелыя, адважыцца на гэта? Напоўнiлi вайною ваколiцы, што любыя мне, пагналi статкi кароў, коз, авечак, што пад маёю апекаю, адарвалi ад алтароў дзяўчыну, з якое Эрас хоча стварыць мiф кахання; i не пасаромелiся вы нiмфаў, што глядзелi на вас, нi Пана, мяне. Таму не ўбачыце вы Метымны, пакуль плывяце з такою здабычаю, i не ўцячы вам ад гэтай сiрынгi, якая наганяе на вас жах; я патаплю вас, аддам на корм рыбам, калi вы як мага хутчэй не аддадзiце Хлою нiмфам i Хлоiны чароды, яе коз i авечак. Устань жа i высадзi дзяўчыну з усiм тым, што я табе сказаў. I я сам цябе ў плаваннi правяду, а ёй дарогу дадому пакажу".
28
Вельмi ўстрывожаны Брыаксiс (так звалi ваяводу) ускочыў з ложа i, склiкаўшы начальнiкаў караблёў, загадаў як мага хутчэй знайсцi сярод палонных Хлою. Яны хутка яе знайшлi i яму на вочы прывялi: яна ж сядзела ў вянку з хваёвых галiнак.
Убачыўшы яе якраз такой, як яна выглядала ў сне, ён сам адвозiць яе на сваiм галоўным караблi да берага. I як толькi яна ступiла на зямлю, зноў са скалы пачуўся голас сiрынгi, але ўжо не ваенны, не грозны, а пастухоўскi, нiбы на пашу авечак гоняць. I авечкi зараз жа збеглi з караблёў па сходцах, не коўзаючыся на сваiх раздвоеных капытках, а яшчэ адважней збеглi козы, бо iм у звычку лазiць па скалах.
29
Яны сталi ў кола, акружыўшы Хлою, нiбы хор, скакалi i бляялi, як быццам яны радавалiся; а козы, авечкi, каровы iншых пастухоў аставалiся на сваiх месцах усярэдзiне карабля, як бы голас сiрынгi i не клiкаў iх. Пакуль усе ў здзiўленнi ўслаўлялi Пана, на сушы i на моры адбылiся яшчэ дзiўнейшыя праявы. Караблi раней, чым метымнейцы паднялi якары, паплылi, карабель жа ваяводы вёў дэльфiн, якi ўсё выскокваў з вады.
