
9
Вясна была ў самым пачатку, i ўсе кветкi цвiлi - у лясах, на лугах, а колькi iх было ў гарах; i ўсюды ўжо пчалiны гуд, птушыны шчэбет, гульнi малечы з новага прыплоду; ягняты скачуць па пагорках, гудуць у лугах пчолкi, у гушчары спяваюць птушкi. I як гожая пара года поўнiла ўсё весялосцю, то i яны абое - маладыя, прывабныя - пераймалi ўсё, што чулi i бачылi. Чулi спеў птушак - i самi спявалi, бачылi скокi ягнятак - i самi лёгка скакалi, i, пчол наследуючы, збiралi яны кветкi, аднымi з iх убiралi сабе грудзi, з другiх плялi вяночкi i прыносiлi ў дарунак нiмфам.
10
I ўсё яны рабiлi разам, пасвячы блiзка адно каля аднаго чароды. I часта Дафнiс займаў авечак, якiя разбягалiся, часта i Хлоя зганяла ўнiз са скал вельмi адважных коз. А то адно з iх глядзела абедзве чарады, калi другое занадта захаплялася гульнёю. Гульнi ж iхнiя былi пастушыныя, дзiцячыя. Яна, назбiраўшы дзе-небудзь там бадылiнак, пляла з iх пастку на цвыркуноў i за работаю спускала з вока авечак; а ён, нарэзаўшы тонкiх чароцiн, пракруцiўшы дзiрачкi ў каленцах, злеплiваў трубачкi адну з адною мяккiм воскам i аж да ночы вучыўся iграць на сiрынзе.
