
11
Тым часам, калi яны бавiлiся, Эрас учынiў iм такую сур'ёзную штуку. Ваўчыца, якая нядаўна вывела ваўчанят, часта цягала авечак з навакольных сёл, бо ёй, каб пракармiць сваiх малых, трэба было шмат яды. I вось сяляне, сышоўшыся ўночы, выкапалi яму - сажань у шырыню, чатыры ў глыбiню. Большую частку выбранай зямлi, аднёсшы далёка, раскiдалi, а на яму наслалi сухiх доўгiх жэрдачак i прысыпалi рэштай зямлi, каб усё тут выглядала, як было дагэтуль; але калi б нават заяц прабег тут, то праламаў бы латы, якiя былi слабейшыя за саломiнкi, i тады можна было б убачыць, што гэта не зямля, а падабенства зямлi. I хоць яны выкапалi шмат такiх ям па гарах i раўнiнах, не пашчасцiла iм злавiць ваўчыцу: яна ўчула, што зямля тут падманная; затое шмат коз i авечак зламалi сабе каркi, ды бязмала i Дафнiс, а выйшла яно так:
12
Два казлы, раз'ятрыўшыся адзiн на аднаго, схапiлiся ў рожкi. У гэтай гвалтоўнай сутычцы адзiн з iх зламаў сабе рог i, падскочыўшы ад болю, кiнуўся ўцякаць; але другi, перамогшы, бег за iм следам, не даючы ўцекачу супачынку. Дафнiс, перажываючы за зламаны рог i зазлаваўшыся на нахабнага казла, ухапiў палку ды свой пастуховы кiй i кiнуўся даганяць даганяльшчыка. Але таму, што нi той, што ўцякаў, нi другi, разгневаны, што яго даганяў, не глядзелi, што ў iх было пад нагамi, то абодва падаюць у яму, перш казёл, а Дафнiс за iм. Гэта i ўратавала Дафнiса, бо, як падаў, апорай яму быў казёл. Плачучы, чакаў ён, цi не прыйдзе хто, каб яго выцягнуць; а Хлоя, убачыўшы гэта, спяшаючыся, пабегла да ямы; i, пераканаўшыся, што Дафнiс жывы, клiча валапаса з суседняга поля на дапамогу. Прыйшоўшы, ён пачаў шукаць доўгай вяроўкi, трымаючыся за якую Дафнiс мог бы вылезцi наверх. Але вяроўкi не было, i Хлоя, развязаўшы сваю павязку, дала яе апусцiць валапасу; так яны, стоячы на беразе ямы, абое цягнулi, а ён, ухапiўшыся рукамi за павязку, выбраўся наверх.
