Што здарылася з ёю, гэтага не ведала маладое дзяўчо, якое вырасла ў вёсцы i яшчэ нi разу не чула iмя Эрас. Смутак сцiснуў ёй сэрца, вочы няўважна блукалi, i яна часта вымаўляла: Дафнiс! Яда ёй была не ў памяцi, начамi не спала, забывалася пра сваiх авечак, яна то смяялася, то плакала; то засынала, то зрывалася са сну; твар яе то быў бледны, то раптам зноў успыхваў чырванню. Нават кароўка, якую ўджалiць авадзень, не мучыцца так. Аднаго разу, калi яна была адна, прыйшлi ёй на розум вось такiя словы:

14

"Хворая я цяпер, але што за хвароба, не ведаю: мне балiць, а няма на мне раны; сумую я, хоць нiводная з маiх авечак не прапала; я ўся палаю, хоць сяджу ў такiм цянi. Колькi разоў нi абдзiралi мяне калючкi, я не плакала; колькi пчол нi джалiлi мяне, я не адмаўлялася ад яды; але тое, што цяпер ранiць сэрца, яшчэ вастрэйшае. Дафнiс прыгожы, але ж i кветкi прыгожыя; прыгожа гучыць яго сiрынга, але прыгожа спяваюць i салаўi; ды я пра iх анi не думаю. О, калi б я была яго сiрынгаю i ўбiрала яго дыханне, цi калi б я была козачкаю i каб ён пасвiў мяне! О лiхая вада, толькi Дафнiса ты зрабiла прыгожым, а я ж дарэмна купалася. Гiну я, любыя нiмфы, i нават вы не ратуеце дзяўчыны, што вырасла пры вас. Хто ж вас вянкамi прыбiраць будзе пасля мяне? Хто бедных ягнятак кармiць будзе? Хто дагледзiць майго стракатлiвага цвыркуна, якога я з вялiкаю цяжкасцю злавiла, каб ён перад пячораю сваiм цвырканнем спяваў мне на сон; але я цяпер праз Дафнiса страцiла сон, i дарэмна стракоча мой цвыркун".

15

Так пакутавала, так казала яна, намагаючыся знайсцi назву кахання. Але Доркан, той валапас, што Дафнiса выцягнуў i казла з ямы, дзяцюк з першым пушком на барадзе, якi ведаў каханне ў слове i яве, з таго самага дня адразу закахаўся ў Хлою, i чым далей беглi днi, тым больш распалялася душа, i, на Дафнiса як на хлапчука не зважаючы, наважыўся падарункамi або сiлаю дамагчыся свайго.



7 из 75