Спярша ён прынёс iм падарункi: яму валапасаву сiрынгу на дзевяць дудачак, якiя былi меддзю замест воску змацаваныя, а ёй - шкуру ланi, якую носяць вакханкi, - плямiстую, нiбы яе фарбамi размалявалi. З гэтага часу ён, лiчачыся за сябра, штораз меней зважаў на Дафнiса, а Хлоi штодня прыносiў цi мяккага сыру, цi вянок з кветак, цi спелы яблык; аднаго разу прынёс цялятка-сысунка, пазалочаны драўляны кубак, маладзенькiх горных птушак. А яна, недасведчаная ў хiтрыках кахання, прымаючы гасцiнцы, цешылася, а яшчэ больш з таго, што яна цяпер мела чым абдорваць Дафнiса.

I аднаго разу, бо ўжо i Дафнiс павiнен быў спазнаць мукi кахання, усчалася ў яго з Дорканам спрэчка, хто з iх прыгажэйшы, а суддзёю мела быць Хлоя, а за ўзнагароду таму, хто пераможа, было прызначана пацалаваць Хлою. Першы Доркан вось што сказаў:

16

"Я, дзяўчына, большы за Дафнiса, дый я валапас, а ён казапас; i я нагэтулькi лепшы за яго, наколькi каровы лепшыя за козы; i белы я, як малако, валасы залацiстыя, як даспелае поле перад жнiвом, i выкармiла мяне мацi, а не якая жывёла. Ён жа малы i безбароды, як жанчына, i чорны, як воўк. Ён пасе казлоў i пахне пагана, а такi бедны, што i сабакi не пракормiць. Калi яго, як кажуць, паiла сваiм малаком каза, то нiчым ён ад казляняцi i не рознiцца".

Гэтак i падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго - Дафнiс: "Мяне выкармiла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, i яны большыя, чым Дорканавы каровы; я анi не пахну ад iх, як i Пан, хоць той больш як на палавiну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, i хлеба, спечанага на ражне, i белага вiна, а гэта - дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такi i Дыянiс; цёмны я, але такi i гiяцынт; Дыянiс жа пераўзыходзiць сатыраў, а гiяцынт - лiлеi. Ён жа руды, як лiс, i барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. I калi табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго - у шчэць на барадзе. I ўспомнiш тады, дзяўчына, што цябе выкармiла авечка, а ты такая прыгожая".

17

Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале i ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафнiса, ускочыла i пацалавала яго, хоць i прастадушна i няўмела, але так, што змагла душу распалiць.



8 из 75