Мы ўжо не былi ўпэўнены, што дабяромся да берага, бо магло не хапiць бензiну. Але i дасягнуўшы берага, трэба было яшчэ адшукаць пасадачную пляцоўку. А тут акурат i месяц пачаў заходзiць. Без паказчыкаў адхiлення, ужо глухiя, мы спакваля i слеплi. Поўня пагасала ў тумане, як бледная галавешка ў гурбе снегу. Неба над намi таксама зацягвалася хмарамi, i мы ляцелi памiж хмарамi i туманам, у нейкiм цьмяным, мёртвым свеце.

Аэрадромы, якiя адказвалi нам, не маглi паведамiць нам нашы каардынаты: "Не можам запеленгаваць... Не можам запеленгаваць...", - бо голас наш даходзiў да iх адусюль i нiадкуль.

I нечакана, калi нас ужо стала агортваць роспач, на даляглядзе злева ўспыхнула зiхоткая кропка. Бурная радасць ахапiла мяне. Неры падаўся да мяне, i я пачуў, што ён спявае! Гэта магла быць толькi пасадачная пляцоўка, гэта мог быць толькi яе маяк, бо ўначы ўся Сахара гасне i ператвараецца ў вялiзны мёртвы абшар. А тым часам агеньчык пагарэў трошкi i пагас. А мы ўзялi на яго курс - на зорку, якая была на даляглядзе i ўсяго на некалькi хвiлiн выглянула памiж хмарамi i посцiлкай туману...

А потым сталi з'яўляцца iншыя агеньчыкi, i мы з глухой надзеяй бралi курс на кожную з гэтых iскрынак. I калi агеньчык не згасаў адразу, мы падвяргалi яго жыццёва неабходнай праверцы: "Бачым агонь, - перадаваў Неры пасадачнай пляцоўцы ў Сiснеросе, - тройчы пагасiце i запалiце маяк". Сiснерос гасiў i зноў запальваў свой маяк, але ўпарты агеньчык, за якiм мы назiралi, не мiргаў, - непадкупная зорка. Не зважаючы на тое, што гаручае было на зыходзе, мы зноў i зноў пападалiся на залаты кручок, зноў i зноў быў ён для нас сапраўдным святлом маяка, сапраўднай пасадачнай пляцоўкай - i жыццём!.. Але нам зноў i зноў даводзiлася мяняць зорку.



11 из 122