Цяпер мы адчувалi сябе блукальцамi ў мiжпланетнай прасторы сярод сотнi недасягальных планет у пошуках адной сапраўднай планеты, нашай планеты, той адзiнай, дзе месцiлiся нашы звыклыя краявiды, нашы прыязныя дамы, наша пяшчота.

Тая адзiная планета... Я раскажу вам, што прыгадалася мне тады, хоць, мажлiва, гэта i падасца вам дзiцячым наiвам. Але i ў хвiлiну небяспекi застаешся чалавекам з усiмi чалавечымi турботамi, i мне хацелася пiць, хацелася есцi. Калi мы адшукаем Сiснерос, мы напоўнiм нашы бакi гаручым i прадоўжым палёт i прахалодным досвiткам прызямлiмся ў Касабланцы. Канец працы! Мы, Неры i я, пойдзем у горад. Там можна нагабаць невялiчкiя бiстро, якiя адчыняюцца на зары... Неры i я, мы ў поўнай бяспецы, пасмейваючыся з перажытай ночы, сядзем там за столiк i закажам цёплыя булачкi i каву з малаком. Мы з Неры прымем гэты ранiшнi дарунак жыцця. Гэтак старая сялянка дасягае свайго Бога праз маляваны абразок, наiўны медальён, ружанец: нам трэба размаўляць сама звычайнай мовай, калi мы хочам быць пачуты сваiмi. Уся радасць жыцця сканцэнтравалася для мяне ў гэтым першым духмяным гарачым глытку, у гэтай сумесi малака, кавы i хлеба, праз якую прычашчаешся да спакойных лугоў, экзатычных плантацый i жнiўных палёў, праз якую прычашчаешся да ўсёй зямлi. Сярод гэтай процьмы зорак мелася ж ведзе тая адна-адзiная, якая, каб стаць блiзкай нам, прыгатавала б нам на снеданне гэтую духмяную фiлiжанку.

Але неадольныя вёрсты пралеглi памiж нашай машынай i гэтай населенай планетай. Усе скарбы свету месцiлiся ў пылiнцы, згубленай у сузор'ях. I астролаг Неры, якi сiлiўся распазнаць яе, усё заклiнаў i заклiнаў зоры.

Раптам ён пхнуў мяне кулаком у плячо. На паперцы, пра якую папярэдзiў гэты тумак, я прачытаў: "Усё добра, я атрымаў цудоўную вестку". I я з трапятаннем сэрца чакаў, пакуль ён пiсаў мне тыя паўдзесятка слоў, што павiнны былi стаць нашым паратункам. Нарэшце я атрымаў яго, гэты дар неба.



12 из 122