Ён зыходзiў з Касабланкi, якую мы пакiнулi напярэдаднi вечарам. Не перададзены своечасова, ён нечакана дагнаў нас, заблуканых у моры памiж туманам i хмарамi, праз дзве тысячы кiламетраў. Пасланне зыходзiла ад дзяржаўнага кантралёра аэрапорта ў Касабланцы. I я прачытаў: "Месье дэ Сент-Экзюперы, я вымушаны прасiць Парыж накласцi на вас спагнанне: пры вылеце з Касабланкi вы развярнулiся занадта блiзка ад ангараў". Гэта была праўда, я развярнуўся занадта блiзка ад ангараў. Праўдай было i тое, што гэты чалавек з раздражненнем выконваў свае абавязкi. У канторы аэрапорта я пакорлiва выслухаў бы гэты папрок. Але там, дзе ён дапяў нас, ён быў не да месца. Недарэчна прагучаў ён сярод гэтых адзiнокiх зор, над гэтым лежбiшчам туману, над морам, якое дыхала пагрозай. Нам былi ўручаны нашы ўласныя лёсы, лёс пошты i лёс нашай машыны, мы ледзь выкручвалiся, каб выжыць, а гэты чалавек вывяргаў на нас сваю дробязную злапомнасць. Але замест таго каб абурыцца, мы з Неры адчулi неспадзяваную бязмежную радасць. Тут гаспадарамi былi мы, - ён памог зрабiць нам гэтае адкрыццё. Значыць, ён, гэты капрал, так i не заўважыў на нашых рукавах нашывак, так i не заўважыў, што мы цяпер капiтаны? Ён урываўся ў нашу замроенасць, калi мы ўтрапёна карагодзiлi недзе ля Вялiкай Мядзведзiцы цi ў сузор'i Стральца, i адзiным, што яшчэ здольна было ўсхваляваць нас у нашым становiшчы, магла быць хiба толькi гэтая здрада поўнi...

Абавязак планеты, з якой падаў голас гэты чалавек, безумоўны i адзiны абавязак яе быў - паведамiць нам дакладныя дадзеныя для вылiчэння нашага месцазнаходжання сярод зор. А дадзеныя гэтыя аказалiся памылковымi. А пра ўсё астатняе ёй бы пакуль памаўчаць. I Неры напiсаў мне: "Замест таго каб займацца глупствам, лепей прывялi б нас куды-небудзь..." "Яны" азначала для яго ўсе народы зямлi з iхнiмi ўрадамi, сенатамi, армiямi i iмператарамi. I, перачытваючы паведамленне гэтага недарэкi, якi намерваўся расправiцца з намi, мы павярнулi на Меркурый.



13 из 122