I вось на сёмы дзень, калi ў перапынку памiж двума вылетамi я снедаў у адным мендоскiм рэстаранчыку, нейкi чалавек рыўком расчынiў дзверы i выгукнуў - о! усяго толькi два словы:

- Гiёмэ... жывы?

I ўсе незнаёмыя мiж сабой людзi, якiя сядзелi тады ў рэстаране, кiнулiся ў абдымкi.

Праз дзесяць хвiлiн я ўжо ўзняўся ў паветра з двума механiкамi на борце, Лефеврам i Абры. А яшчэ праз сорак хвiлiн прызямлiўся на палявой дарозе, богведама як угадаўшы машыну, якая везла цябе некуды ў кiрунку да Сан-Рафаэля. Гэта была незабыўная сустрэча, мы плакалi i сцiскалi цябе ў абдымках, жывога, уваскрэслага, творцу твайго ўласнага цуду. Менавiта тады ты i выцiснуў з сябе, i гэта была першая твая выразная фраза, дзiвосная гордасць чалавека: "Клянуся, я такое здолеў, што нiводнай бестыi не пад сiлу".

Пазней ты сам расказаў нам, што здарылася з табою.

Страшэнны буран, якi за двое сутак навярнуў на чылiйскiя схiлы Андаў пяцiметровыя гурбы снегу, завалок усю прастору, i лётчыкi з амерыканскай авiякампанii Пан-Эйр павярнулi назад. Але ты ўсё-такi вылецеў, каб знайсцi хоць якую шчылiнку. Ты знайшоў яе, гэтую пастку, трошкi паўднёвей, i на вышынi шасцi з паловаю тысяч метраў, цяпер ужо над хмарамi - яны залягалi на вышынi шасцi тысяч метраў, i з iх сям-там вытыркалiся нешматлiкiя вяршынi, - i ўзяў курс на Аргенцiну.

Калi часам лётчык трапляе ў сыходную паветраную плынь, яму робiцца нейк не па сабе. Матор працуе роўна, але ўвесь час такое адчуванне, што ты правальваешся. Каб утрымацца на належнай вышынi, даводзiцца кабрыраваць, самалёт трацiць першапачатковую хуткасць i робiцца нейкi вялы: а правальваешся, як i дагэтуль. Бярэш штурвал на сябе i баiшся, што цяпер ужо занадта скабрыраваў, кiдаешся то ўправа, то ўлева, у намаганнi знайсцi апору за якой-небудзь спагадлiвай вяршыняй, якая служыць ветру трамплiнам, але i там па-ранейшаму правальваешся. Здаецца, падае само неба. I ўзнiкае ўражанне, быццам ты трапiў у нейкую касмiчную аварыю. I няма нiякага ратунку. Дарма спрабуеш павярнуць назад, у тую зону, дзе паветра, моцнае i тугое, падтрымлiвала цябе, як слуп. Але нiякiх слупоў ужо няма. Усё зруйнавалася, i вось ты, заўладаны ўсяленскiм хаосам, няўхiльна спаўзаеш унiз, а насустрач табе ўзнiмаецца воблачная каламута, ахутвае цябе i паглынае.



22 из 122