- Я ўжо ледзь не ўвайшоў у штопар, - расказваў ты, - але ўсё яшчэ не здаваўся. Пад аблокамi часам трапляецца сыходная паветраная плынь, - здаецца, аблокi нерухомыя, а ўсё па той простай прычыне, што яны бясконца тасуюцца на адным i тым жа ўзроўнi. Так дзiўна ўсё ў гэтых гарах...

А што за аблокi!

- Як толькi я зразумеў, што ўсё, папаўся, я адпусцiў рычагi i залез з нагамi на сядзенне, каб не выпасцi з самалёта. Штуршкi былi такiя моцныя, што рамянi балюча ўпiлiся мне ў плечы i ледзь не лопнулi. У дадатак наледзь дарэшты пазбавiла мяне магчымасцi звярацца па прыборнай дошцы, i я, як шапка, кацiўся з шасцi тысяч метраў да трох з паловаю тысяч.

На вышынi тры тысячы пяцьсот метраў я прыкмецiў нейкi чорны гарызантальны пласт, якi дазволiў мне выраўняць самалёт. Гэта было возера, я пазнаў яго: Алмазная Лагуна. Я ведаў, што яна знаходзiцца на дне глыбокай упадзiны, адзiн бок якой, вулкан Майпю, уздымаецца на вышыню шэсць тысяч дзевяцьсот метраў. Хоць я i вырваўся з воблачнасцi, мяне ўсё яшчэ сляпiлi густыя вiры снегу, i я не мог пакiнуць возера, не разбiўшыся аб той цi iншы бок упадзiны. Тады я пачаў кружыцца над Лагунай у трыццацi метрах ад паверхнi, аж пакуль не скончылася гаручае. Пасля дзвюх гадзiн гэтага манеўравання я сеў - i перавярнуўся. Выбраўся з-пад самалёта, але буран збiў мяне з ног. Я падняўся, а ён зноў павалiў мяне. Давялося забрацца пад кабiну i там выграбцi сабе сховань у снезе. Я загарадзiўся мяхамi з поштай i праседзеў так двое сутак.

А потым бура сцiхла, i я пайшоў. Я iшоў пяць дзён i чатыры ночы.

Але што ад цябе засталося, Гiёмэ?! Мы сустрэлi цябе жывога, але такога высахлага, такога змарнелага, як бабулька! У той жа вечар я адвёз цябе самалётам у Мендосу, дзе цябе, як бальзам, ахiнулi белыя просцiны.



23 из 122