
Прыцiхлi нават твае згрызоты сумлення. Нашы воклiчы ўжо не дападалi да цябе, цi, дакладней, яны гучалi, як у сне. I ў сне ты адгукаўся, ты, шчаслiвы, уяўна крочыў нам насустрач лёгкiмi бязважкiмi крокамi, i перад табой ужо разнасцежвалiся жаданыя прасторы раўнiн. З якой лёгкасцю ляцеў ты ў свет, якi раптам стаў для цябе такi зваблiвы! Гiёмэ, скнара, ты намерыўся адабраць у нас радасць свайго вяртання!
З глыбiнi тваёй свядомасцi ўсплылi згрызоты сумлення. У забыццё раптоўна ўварвалася цвярозая думка.
- Я падумаў пра жонку. Мой страхавы полiс пазбавiў бы яе ад галечы. Так, але полiс...
У выпадку, калi застрахаваны прападае без вестак, па закону ён лiчыцца мёртвым толькi праз чатыры гады. Гэтая акалiчнасць маланкай праблiснула ў табе i сцерла ўсе астатнiя прывiды. Ты ляжаў нiцма на крутым снежным схiле. Надыдзе вясна, i тваё цела будзе разам з граззю змыта ў нейкую расколiну, якiх у Андах тысячы. Ты ведаў гэта. Але ты ведаў яшчэ i тое, што за паўсотнi метраў ад цябе ўздымаецца скала.
- I я падумаў: калi я ўстану, то, можа, яшчэ дабяруся да яе. I калi я прыцiснуся целам да камення, то мяне знойдуць тут яшчэ летам.
I ты ўстаў, i брыў яшчэ дзве ночы i тры днi. Але ты ўжо i не спадзяваўся зайсцi далёка.
- Па шматлiкiх прыкметах я прадбачыў канец. Ну вось прыклад. Я стараўся спыняцца толькi праз дзве гадзiны хады, каб трошкi больш разрэзаць башмак, пацерцi снегам разбухлыя ногi цi проста каб даць пярэдых сэрцу. Але ў апошнiя днi я пачаў трацiць памяць. Было, адыду даволi далёка ад месца адпачынку, а потым спахапляюся: зноў я нешта забыў-такi! Спачатку забыў пальчатку, i гэта ў такую сцюжу! Паклаў яе каля сябе i, не падабраўшы, пайшоў далей. Потым забыў гадзiннiк. Затым сцiзорык. Пасля компас. Што нi супынак - усё нейкая страта...
