Але ты не паддаваўся спакуслiвай слабасцi. "У снезе страчваеш усялякае пачуццё самазахавання, - казаў ты мне. - Пасля iдзеш двое, трое, чацвёра сутак i ўжо не хочаш анiчога на свеце, толькi спаць. Я прагнуў спаць. Але я казаў сабе: "Калi мая жонка верыць, што я жывы, яна верыць, што я iду. I таварышы вераць, што я iду. Усе яны вераць у мяне. I я проста нягоднiк буду, калi спынюся!"

I ты iшоў, i вастрыём сцiзорыка мусiў штодня ўсё глыбей разрэзваць свае башмакi, у якiя ўжо не ўмяшчалiся твае разбухлыя абмарожаныя ногi. Я пачуў ад цябе дзiўнае прызнанне:

- Ведаеш, ужо на другi дзень сама цяжкае было для мяне - забаранiць сабе думаць. Я вельмi пакутаваў, i ад гэтага маё становiшча было надта безнадзейнае. Каб мець адвагу iсцi, я павiнен быў не ўдумвацца ў яго. На няшчасце, я не дужа патрапляў кантраляваць свае мазгi, яны працавалi, як турбiна. Але я яшчэ быў здольны кiраваць сваiм уяўленнем. Я падкiдваў яму якi-небудзь фiльм альбо кнiгу. I ўва мне тут жа раскручвалiся падзеi фiльма альбо кнiгi. Але потым мае думкi ўсё роўна вярталiся да явы. Непазбежна. Тады я прымушаў сябе ўспамiнаць што-небудзь iншае...

I ўсё-такi адзiн раз, калi ты ўпаў, распластаўся нiцма на снезе, ты не стаў паднiмацца. Ты быў падобны на баксёра, якi атрымаў накдаўн i слухае, як у варожай прасторы адна за адной адлiчваюцца секунды, аж да апошняй, дзесятай, якая абскарджавню ўжо ае падлягае.

- Я зрабiў усё, што мог, i не меў нi шматка надзеi, навошта было доўжыць гэтае катаванне?

Табе дастаткова было заплюшчыць вочы, каб набыць спакой у гэтым свеце. Каб сцерцi са свайго свету скалы, леднiкi, снягi. Толькi змружыць гэтыя цудадзейныя павекi i не мець болей анi ўдараў, нi кулянняў, нi зраненага цела, нi пяклiвага марозу, нi гэтага грузу жыцця, якi цягнеш, як вол - невымерна цяжкую калымагу. I ты ўжо адчуў, як холад атрутай разлiваецца па ўсiм целе i, нiбы морфiй, поўнiць цябе асалодай. Тваё жыццё прытаiлася там, глыбока ўнутры. Свядомасць спакваля пакiдала аддаленыя куточкi гэтага цела, якое, нiбы звер, да адвалу накормлены пакутамi, цяпер пачынала ўжо набываць абыякавасць мармуру.



25 из 122