Ягоная сапраўдная годнасць зусiм не ў гэтым. Яго велiч - у адчуваннi адказнасцi. У адказнасцi за самога сябе, за пошту, за надзеi таварышаў. Ён трымае ў сваiх руках i iхняе гора, i iхнюю радасць. Ён у адказнасцi за ўсё, што ствараецца там, сярод жывых, у стварэннi чаго павiнен прыняць удзел i ён. Ён у адказе за лёс чалавецтва - бо ён залежыць i ад яго працы.

Ён з тых шырокiх натур, якiя, падобна вялiкiм аазiсам, здольны шмат што ўмясцiць i даць прытулак у сваёй засенi. Быць чалавекам якраз i азначае быць адказным за ўсё на свеце. Гарэць ад сораму за галечу, хоць мо яна i не па тваёй вiне. Ганарыцца перамогай, якую атрымалi таварышы. Адчуваць, закладваючы ў фундамент камень, што ты памагаеш будаваць свет.

Гэткiх людзей часам блытаюць з тарэадорамi цi iгракамi. Ухваляюць iх пагарду да смерцi. А мне чхаць на пагарджанне смерцю. Калi каранi яго не ва ўсведамленнi адказнасцi, то гэта ўсяго толькi адмета духоўнай беднасцi альбо занадтай палкасцi маладзёнаў. Мне прыгадваецца адзiн юны самазабойца. Не ведаю ўжо, якая няшчасная любоў штурхнула яго на гэта, але ён акуратна выпусцiў сабе кулю ў сэрца. Не ведаю, пад якога лiтаратурнага героя падстройваўся ён, нацягваючы перад гэтым белыя пальчаткi, але помню - ад гэтага вартага жалю тэатральнага жэсту на мяне павеяла не высакароднасцю, а галечай. Так, за гэтымi прывабнымi рысамi твару, у галаве, дзе павiнен быў мясцiцца чалавечы розум, не мелася нiчога, анiчога. Толькi воблiк нейкай дурнiчкi, якiх на свеце процьма.

У роздуме над гэтым незайздросным лёсам мне прыгадалася iншая смерць, сапраўды вартая чалавека. Смерць аднаго садоўнiка, якi казаў мне:

- Ведаеце... часам, было, капаю, - а сам потам аблiваюся. Рэўматызм дапякае, ногi баляць, кляну, было, гэтую катаргу на чым свет стаiць. А цяпер, здаецца, капаўся б i капаўся б у зямлi. Гэта такi цудоўны занятак! Тады так вольна дыхаецца! I хто ж гэта цяпер будзе падстрыгаць мае дрэвы?

Ён пакiдаў уробленую зямлю.



28 из 122