
III. САМАЛЁТ
Не гэта важна, Гiёмэ, што тваё рамяство прымушае цябе дзень i ноч назiраць за прыборамi, падтрымлiваць раўнавагу па гiраскопах, услухоўвацца ў дыханне матораў, абапiрацца на пятнаццаць тон металу: задачы, якiя ўзнiкаюць перад табой, гэта, урэшце, - задачы агульначалавечыя, пагэтаму ты ў сваёй аснове непасрэдна датычны да высакароднасцi горца. Ты не горш ад паэта ўмееш цешыцца ранiшняй зарой. Як часта ў прорве нялёгкiх начэй ты прагнуў, каб там, далёка на ўсходзе, над чорнымi нетрамi зямлi ўзнiк першы слабы проблiск, першы сноп святла. Здаралася, ты ўжо рыхтаваўся да смерцi, але ў мораку паволi прабiвалася гэтая дзiвосная крынiчка - i вяртала табе жыццё.
Карыстанне мудрагелiстым начыннем не ператварыла цябе ў сухога тэхнара. Мне здаецца, тыя, каго жахае iмклiвы тэхнiчны працэс, проста блытаюць мэту i сродак. Сапраўды, той, хто дамагаецца адзiна матэрыяльнага дастатку, не пажынае нiчога, дзеля чаго варта жыць. Але машына - не мэта. Самалёт - не мэта: ён прылада. Гэткая ж прылада, як плуг.
Калi нам здаецца, быццам машына вядзе чалавека ў прорву, то гэта, магчыма, таму, што мы пакуль яшчэ не можам ацанiць такiя блiскавiчныя перамены, якiя выпалi нам на долю. Што значыць стагоддзе гiсторыi машыны ў параўнаннi з дзвюма сотнямi тысяч гадоў гiсторыi чалавека? Мы з цяжкасцю ўжываемся ў сучасны краявiд шахтаў i электрастанцый. Мы толькi пачынаем абжываць гэты новы дом, якi яшчэ нават не закончылi будаваць. Так iмгненна ўсё выначылася вакол нас: чалавечыя адносiны, умовы працы, звычаi. Нават сама наша псiхалогiя карэнным чынам змянiлася. Паняццi разлукi, адсутнасцi, адлегласцi, вяртання ўжо не месцяць у сабе ранейшай сутнасцi, хоць словы засталiся i тыя ж самыя. Каб спасцiгнуць цяперашнi свет, мы карыстаемся мовай, якая адпавядала свету ўчарашняму. I нам здаецца, што некалi жыццё лепей адпавядала нашай натуры, але гэта адзiна таму, што яно лепей адпавядае нашай мове.
