
Я прызямлiўся ў цiхi, пяшчотны вечар. Пунта Арэнас! Я прыпiраюся плячыма да камянёў фантана i гляджу на дзяўчат. Яны цудоўныя, i за два крокi ад iх яшчэ вастрэй адчуваеш: неспасцiгальная iстота чалавек. У нашым свеце, дзе ўсё жывое так хораша горнецца да сабе падобнага, дзе нават кветкi пад подыхам ветру перамешваюцца з iншымi кветкамi, дзе лебедзю знаёмы ўсе лебедзi, адны толькi людзi замуроўваюцца ў адзiноце.
Як аддаляе нас адзiн ад аднаго наш унутраны свет! Памiж мною i гэтай дзяўчынай стаяць яе лятункi - як жа адолець такую перашкоду? Што я магу ведаць пра дзяўчыну, якая нетаропка вяртаецца дадому, гледзячы сабе пад ногi i ўсмiхаючыся сабе самой, перапоўненая марамi i жаданымi мроямi? З нявыказаных думак, са слоў i маўчання свайго каханага яна здолела стварыць уласнае царства, дзе пануе толькi ён, а ўсе астатнiя для яе цяпер - проста варвары. Яна за два крокi ад мяне, але яна ўся ў сваёй таямнiцы, у сваiх пачуваннях, у спеўным водгуллi сваiх успамiнаў, i ад гэтага яна так далёка ад мяне, нiбыта мы жывём на розных планетах. Толькi ўчора народжаная вулканамi, зялёнымi лугамi цi салёнай прорвай марскою - сёння яна ўжо амаль багiня.
Пунта Арэнас! Я прыпiраюся плячыма да камянёў фантана. Падыходзяць бабулi, бяруць ваду, iхняя доля - цяжкая праца прыслугi; толькi гэта i адкрыецца мне ў iхнiм лёсе. Прыхiлiлася галавой да сцяны i моўчкi плача дзiця; толькi гэта я пра яго i запомню: слаўнае, навек несуцешнае хлапчанё. Я тут чужы. Я анiчога пра iх не ведаю. Мне няма доступу ў iхнiя ўладаннi.
На якой маленечкай сцэнцы разыгрываецца гэты гiганцкi спектакль чалавечых радасцей, нянавiсцей, сяброўстваў! Адкуль бярэцца ў людзей гэтае пачуццё вечнасцi, калi яны, рызыканты, сёння стаяць на яшчэ цёплай лаве, а iм пагражаюць ужо заўтрашнiя пяскi, пагражаюць снягi? Iх жа цывiлiзацыя - толькi кволая аздоба: загаворыць вулкан, нахлыне мора, дыхне пясчаная бура - i яны знiкнуць без следу.
