I вось мы ўжо можам стаць фiзiкамi, бiёлагамi, можам вывучаць парасткi цывiлiзацый - хараство запаведных далiн, якiя дзе-нiдзе, нiбы сады, раскошна цвiтуць там, дзе iм спагадае клiмат. Нашы iлюмiнатары - нашы вучэбныя дапаможнiкi, i вось мы ўжо можам бачыць чалавека па яго месцы ў сусвеце. I вось мы ўжо можам наноў перачытаць нашу гiсторыю.

2

Калi ляцiш да Магеланавага пралiва, трошкi паўднёвей Рыа-Гальегас бачыш застылую лаву вулканiчнага паходжання. Гэтыя пракаветныя рэшткi дваццацiметровай тоўшчай налягаюць на раўнiну. Потым натыкаешся яшчэ на адно такое вывяржэнне, i яшчэ на адно, а потым iдуць горбiкi i бугры вышынёй у дзвесце метраў, i кожны з iх зеўрыцца ўласным кратэрам. Нiякага табе ганарлiвага Везувiя: на раўнiне акуратна раскладзены жэрлы гаўбiц.

Але цяпер тут пануе мiр i цiшыня. Дзiўным i недарэчным выглядае гэты спакой уздыбленай зямлi, дзе некалi тысячы вулканаў плявалiся агнём, падавалi адзiн аднаму галасы сваiмi аграмаднымi падземнымi арганамi. А цяпер пралятаеш над гэтай навекi анямелай зямлёй, аздобленай iстужкамi чорных леднiкоў.

Але трошкi далей болей старажытныя вулканы ўжо ўкрыты залатавай посцiлкай муравы. Сям-там у кратэры, зусiм як кветка ў старым вазоне, расце дрэва. У суцемкавым святле раўнiна выглядае раскошна, нiбы дагледжаны парк з падстрыжанай травой, i толькi ледзь прыкметна ўзнiмаецца вакол гiганцкiх зяпаў. Стрымгалоў уцякае каза, узлятае птушка, жыццё прыняло ў свае ўладаннi новую планету, нябеснае цела нарэшце пакрылася плоднай плоццю зямлi.

А перад самай Пунта Арэнас знiкаюць i апошнiя кратэры. Крывыя лiнii вулканаў злiваюцца пад агульнай травяной коўдрай: цяпер яны - сама пакорлiвасць. Кожная шчылiнка зацыравана пяшчотным плюшам. Зямля роўная, адхоны спадзiстыя, i забываешся пра iх паходжанне. Мурожная зелянiна сцiрае з пагоркаў усе змрочныя сляды.

I вось нарэшце горад, сама паўднёвы горад у свеце, выпадковая жменька глебы мiж вулканiчнымi лавамi i паўднёвымi леднiкамi. Тут, побач з чорнаю плынню лавы, асаблiва востра адчуваецца, што гэта за цуд - чалавек! Неверагодная ўдача! Богведама чаго гэты вандроўнiк забрыў у сады, якiя нiбы толькi яго i чакалi, у сады, дзе жыццё, магчыма, такi кароткi прамежак часу усяго адну геалагiчную эпоху, усяго адзiн блаславёны дзень - мiмалётнае свята сярод бясконцых будняў.



33 из 122