У тыя гады паветраная сувязь памiж Касабланкай i Дакарам толькi наладжвалася, нашы машыны былi яшчэ недасканалыя i ненадзейныя, i калi мы цярпелi аварыю, выляталi на пошукi таварышаў цi на выручку, нам часта даводзiлася прызямляцца ва ўладаннях няскораных арабаў. А пясок здрадлiвы: здаецца, будзе дастаткова цвёрда, а сядзеш - i вязнеш. Старажытныя саланчакi з выгляду трывалыя, як асфальт, i звонка адгукаюцца пад нагамi, але пад коламi самалёта таксама падчас асядаюць. Белая солевая скарынка трэскаецца, i самалёт правальваецца ў чорную смуродную багну. Вось чаму, калi дазвалялi абставiны, мы аддавалi перавагу роўнядзi гэтых плато: яны нiколi не затойвалi пастак.

Парукай бяспекi быў зляжалы моцны зярнiсты пясок - агромнiстае радовiшча драбнюткага ракушнiку. Ён быў абсалютна цэлы на паверхнi плато, але пры спуску ўнiз па адхоне можна было прасачыць, як ён паступова крышыўся i сплюшчваўся. У сама старажытным пласце, у аснове масiву гэта быў ужо чысты вапняк.

Аднойчы, калi нашых таварышаў Рэна i Сера захапiлi ў палон мяцежныя арабы, я прызямлiўся на адной з такiх пляцовак, каб высадзiць маўра, пасланага для перагавораў, i стаў шукаць з iм, дзе б яму сысцi ўнiз. Але з усiх бакоў наша тэраса цяжкiмi складкамi крута абрывалася ў бездань. Спуск быў немагчымы.

Трэба было ляцець шукаць iншую пляцоўку, але я марудзiў. Я адчуваў нейкую дзiцячую радасць ад таго, што магу пакiнуць свае сляды на зямлi, дзе яшчэ нiколi не ступаў нi звер, нi чалавек. Нiводзiн маўр не рынуўся б на прыступ гэтага ўмацаванага замка. Нiводзiн эўрапейскi даследнiк яшчэ не пабываў тут. Я крочыў па неверагодна першародным пяску. Я быў першы, хто, быццам каштоўнае золата, з далонi на далоню перасыпаў гэты ракушнiкавы пыл, першы, хто парушыў гэтую цiшу. Тут - на гэтым палярным айсбергу, якi за цэлую вечнасць не стварыў анi калiўца травы, - я, нiбы занесенае вятрамi зернейка, быў першым сведчаннем жыцця.



36 из 122