
У небе ўжо загарэлася нейкая зорка, i я ўзняў да яе вочы. Сотнi тысяч гадоў, думаў я, гэтая белая роўнядзь адкрывалася толькi зоркам. Чысцюткi абрус, рассцелены пад яснымi нябёсамi. I раптам, нiбы на парозе вялiкага адкрыцця, сэрца маё ўздрыгнула: на гэтым абрусе за пятнаццаць - дваццаць метраў ад мяне ляжаў нейкi вялiкi чорны камень.
Я стаяў на трохсотметровым залежы ракушнiку. Гэты суцэльны агромнiсты пласт быў неабвержным доказам таго, што тут не можа быць нiякага камення. Магчыма, у падземных нетрах дзе-небудзь i драмаў крэмень, вынiк замаруджаных пераўтварэнняў у нетрах планеты, але якiм цудам ён мог быць вынесены наверх, на гэтую некранутую пляцоўку? З калатаннем сэрца я падабраў сваю знаходку: цвёрды камень велiчынёй з кулак, цяжкi, быццам з металу, i круглы, як слязiна.
На абрус, рассцелены пад яблыняй, могуць падаць толькi яблыкi; на абрус, рассцелены пад зоркамi, можа падаць толькi зорны пыл; нiколi яшчэ нiводзiн метэарыт не выяўляў свайго паходжання гэтак яскрава.
I, натуральна, узняўшы галаву, я падумаў, што з кроны гэтай нябеснай яблынi павiнны былi нападаць i iншыя плады. I я знайду iх там, дзе яны ўпалi, бо сотнi ж тысяч гадоў нiшто не магло iх патрывожыць. Бо яны не маглi растварыцца ў гэтым пяску. I я кiнуўся ў пошукi, каб праверыць сваё меркаванне.
Яно пацвердзiлася. Я падбiраў камень за каменем, прыблiзна па аднаму на гектар. I кожны раз - гэты выгляд аплаўленай лавы. I кожны раз - гатая цвёрдасць чорнага алмазу. I ў кароткiя хвiлiны, калi я замёр на вяршынi майго зорнага дажджамера, перада мною нiбы ў адначассе пралiўся гэты шматвяковы вогненны лiвень.
4
Але найвялiкшым цудам было тое, што там, на выгнутай спiне нашай планеты, мiж гэтым намагнiчаным абрусам i зоркамi прысутнiчала чалавечая свядомасць, дзе, як у люстэрку, мог адлюстравацца гэты дождж.
