
I, загублены ў пустынi, згалелы, безабаронны, сярод пяскоў i зорак, адцяты ад магнiтных палюсоў майго жыцця бязмежнаю цiшай, я стаў абдумваць сваё становiшча. Бо я ведаў, што днямi, тыднямi, месяцамi буду рабiць усё магчымае, каб вярнуцца да гэтых жыццядайных полюсаў, калi толькi якi-небудзь самалёт не адшукае мяне цi калi заўтра мяне не прырэжуць маўры. Тут у мяне ўжо не заставалася анiчога. Я быў усяго толькi звычайны смертны, якi заблудзiўся памiж пяскоў i зорак, i ўсведамляў, што валодае толькi адзiнай радасцю дыхаць...
I, аднак, я зрабiў адкрыццё, што я перапоўнены летуценнямi. Яны нахлынулi на мяне бясшумна, як крынiчная вада, i я спачатку не мог уцямiць, што гэта за пяшчота агортвае мяне. Не было нi слоў, нi мрояў, было толькi адчуванне, што побач нехта ёсць, нехта вельмi блiзкi i родны, i вось зараз, зараз я пазнаю яго. А потым я зразумеў, што гэта такое, заплюшчыў вочы i аддаўся чарам успамiнаў.
Недзе ў свеце iснаваў парк, зарослы цёмнымi ялiнамi i лiпамi, i стары дом, дарагi майму сэрцу. Няважна, што быў ён далёка, не побач, што, стаўшы тут згадкаю, ён не мог нi абагрэць мяне, нi даць мне прытулак нанач: ён iснаваў i гэтага было дастаткова, каб запоўнiць сабою маю ноч. Я перастаў быць проста целам, няўдала вышпурнутым на пясчаны бераг, - я азiраўся, я быў дзiцем гэтага дома, быў перапоўнены ягоным водарам, прахалодай ягоных пярэднiх, галасамi, якiя ажыўлялi яго. I нават канцэртам жаб у балотцах, якi раптам уварваўся ў мяне. Мне так патрэбны былi тысячы гэтых драбнiц, каб зноў пазнаць самога сябе, каб зразумець, з якiх страт узнiкае ў пустынi пачуццё самоты, каб спасцiгнуць сэнс яе моўчы, калi не чутно нават жабак.
Не, я ўжо не лунаў мiж пяскоў i зорак. Няўзрушнае наваколле нi пра што не гаварыла мне, i нават пачуццё вечнасцi, аказваецца, зыходзiла зусiм не ад гэтага наваколля - цяпер я разумеў i ягонае паходжанне.
