Радовiшча мёртвай матэрыi, i раптам чалавечы роздум - гэта сапраўдны цуд. А мяне апаноўвае яшчэ адзiн успамiн...

Неяк я пацярпеў аварыю ў сэрцы пясчанай пустынi, i я чакаў ранку. Схiлы дзюнаў, асветленыя поўняй, зiхацелi золатам, а процiлеглыя бакi заставалiся цёмныя да самага грэбеня, дзе тонкая выразная лiнiя падзяляла святло i цень. На гэтай пустыннай будаўнiчай пляцоўцы змроку i месячнага святла панаваў спакой часова прыпыненай працы, а яшчэ - цiшыня пасткi, на дне якой я i задрамаў.

Калi я пракiнуўся, перад маiмi вачыма была толькi чаша начнога неба, бо я, скрыжаваўшы рукi на грудзях, ляжаў на вяршынi бархана тварам да гэтага зорнага акварыума. Да мяне нiяк не даходзiла, што гэта за прадонне, i ажно галава закружылася, што нiдзе не было нiводнага карэньчыка, за якi можна было б ухапiцца, нiводнага даху, нiводяай галiнкi памiж гэтымi нетрамi i мной, i я ўжо адчуваў, што няўтрымна падаю, iмклiва ныраю ў прорву.

Але не, я не падаў. Выявiлася, што ўвесь я з галавы да ног прыкуты да зямлi. I мне рабiлася невымоўна лёгка, што я магу аддаць ёй цяжар свайго цела. Сiла прыцягнення здавалася мне велiчнай, як любоў.

Я адчуваў, як зямля падпiрала маё цела, падтрымлiвала, прыўзнiмала, несла мяне ў начную простань. Я рабiў адкрыццё: мая ўласная вага прыцiскае мяне да планеты, як на крутым вiражы ўсiм цяжарам уцiскаешся ў кабiну, i я смакаваў асалоду ад гэтай дзiвоснай апоры, такой трывалай, такой надзейнай, i ўсiм сваiм целам угадваў пад сабой выпуклую палубу майго карабля.

Я так ясна ўсведамляў гэты рух у прасторы, што зусiм не здзiвiўся б, калi б з нетраў зямлi да мяне дапаў змучаны голас парод, якiя з цяжкасцю прыстасоўваюцца адна да адной, паскрыпванне старога паруснiка, якi ўваходзiць у гавань, працяжны рэзкi скрып перагружанай баржы. Але ў нетрах зямлi панавала глыбокая моўча. Але плячыма я адчуваў сiлу прыцягнення - усё тую ж гарманiчную, нязменную, дадзеную на векi вякоў. Так, я неаддзельны ад роднай планеты, - гэтак целы мёртвых галернiкаў са свiнцовым грузам на нагах навекi застаюцца ў марскiм прадоннi.



38 из 122