
Не дзiва, што ў гэтым доме абедзве дзяўчыны знiклi, як у казцы. Калi ўжо гасцiная, быццам вышкi, на кожным кроку рыхтавала новы сюрпрыз, то якiя ўжо тут вышкi?! I адразу мроiцца, што варта толькi прачынiць дзверы адной з насценных шафак - i адтуль хлынуць стосы пажоўклых лiстоў, прадзедаўскiя рахункi, процьма ключоў, для якiх не хопiць замкоў ва ўсiм доме i нiводзiн з якiх, безумоўна, не падыдзе нi да аднаго замка. Дзiвосна непатрэбныя ключы, i ты ўжо гатоў сабе галаву скруцiць, навошта яны, i ўжо мрояцца суровыя скляпеннi, глыбока закапаныя сундукi, клады старажытных залатых манет.
- Просiм за стол, калi ласка.
Мы прайшлi ў сталовую. Пераходзячы з пакоя ў пакой, я ўдыхаў разлiты ўсюды, быццам ладан, пах старых кнiг, пах, з якiм не зраўнаюцца нiякiя водары свету. Ды цудоўней усяго было тое, што i лямпы вандравалi разам з намi. Гэта былi цяжкiя, старадаўнiя лямпы, iх кацiлi на высокiх падстаўках з пакоя ў пакой, як у часы майго сама ранняга маленства, i ад iх на сценах ажывалi казачныя ценi. Буйна расцвiталi букеты святла, аблямаваныя пальмавымi лiстамi ценю. А потым лямпы займалi сваё месца, астраўкi святла нерухомелi, а наўкол застываў прадонны неруш змроку, i там патрэсквала драўнiна.
Зноў з'явiлiся дзяўчаты, гэтак жа загадкава, гэтак жа маўклiва, як раней, знiклi. I паважна селi за стол. Канечне, яны паспелi накармiць сваiх сабак, птушак, паспелi, расчынiўшы вокны, нацешыцца месячнай ноччу, надыхацца зялёным водарам вячэрняй прахалоды. А цяпер, разгортваючы сурвэткi, яны краёчкам вока спатайка цiкавалi за мной i прыкiдвалi, цi варта прыняць мяне ў лiк сваiх прыручаных звяркоў. Бо яны ж ужо прыручылi iгуану, мангусту, лiсу, малпу i пчол. I ўсё гэта суседства цудоўна ладзiла памiж сабою, жыло мiрна i дружна, нiбы ў новым зямным раi. Дзяўчаты ператваралi ўсе жывыя стварэннi ў сваiх падданых, зачароўвалi iх сваiмi маленькiмi ўвiшнымi рукамi, кармiлi, паiлi iх, расказвалi iм казкi - i ўсе, ад мангусты да пчол, iх заслухоўвалiся.
I я чакаў - вось зараз гэтыя дзве гарэзнiцы акiнуць сядзячага насупраць прадстаўнiка iншага полу няўмольным пранiклiвым позiркам i ўпотай вынесуць яму вырак - хуткi i канчатковы. Гэтак мае сёстры ў дзяцiнстве выносiлi адзнакi гасцям, якiя ўпершыню наведвалi наш дом. I калi застольная бяседа на момант сцiхала, нечакана раздавалася звонкае:
