
- Адзiнаццаць!
I ўсёй чароўнасцю гэтай лiчбы ўпiвалiся толькi сёстры ды я.
Ад гэтага ўспамiну мне стала трошкi нiякавата. Асаблiва бянтэжыла мяне, што суддзi мае былi такiя спрактыкаваныя. Яны ж беспамылкова адрознiвалi хiтрых звяркоў ад прастадушак, па кроках лiсы разумелi, у добрым яна настроi цi зараз да яе лепей не падыходзiць, i бадай не горш разбiралiся i ў чужых думках i пачуццях.
Я любаваўся гэтай дапытлiвай, строгай i чыстай маладосцю, але мне было б куды прыемней, каб яны памянялi гульню. А пакуль, у боязi атрымаць "адзiнаццаць", я пакорлiва падаваў iм соль, падлiваў вiна, але, падняўшы вочы, зноў i зноў натыкаўся на iх мяккую паважнасць непадкупных суддзяў.
Тут нi да чаго была б нават iльсцiвасць: пыха была чужая iм. Пыха, але не гожая гордасць: яны так хораша думалi пра сябе, чаго б я нiколi не адважыўся б сказаць iм услых. Мне нават i ў галаву не прыйшло пакрасавацца ў арэоле свайго рамяства, - было б занадта дзёрзка лезцi на вяршыню платана толькi дзеля таго, каб паглядзець, цi ўвабралiся ў пер'е птушаняты, i па-сяброўску павiтацца з iмi.
Пакуль я еў, мае негаваркiя феi так пiльна цiкавалi за мной, я так часта лавiў на сабе iх блiскавiчныя позiркi, што ўрэшце я i зусiм змоўк. Усталявалася цiшыня, i тут на падлозе нешта цiха засiпела, шорхнула пад сталом i сцiхла. Я паглядзеў на дзяўчат. I тады малодшая, вiдаць, задаволеная ўчыненай праверкай, усё-такi не ўтрымалася ад спакусы яшчэ разок выпрабаваць мяне: упiваючыся ў кавалак хлеба моцнымi зубамi юнай дзiкункi, яна, вядома ж, у надзеi ашаламiць мяне, акажыся я нiкуды не вартым варварам, нявiнна растлумачыла: "Гэта гадзюкi".
