
VI. У ПУСТЫНI
1
Столькiх радасцей былi пазбаўлены мы, лётчыкi Сахарскай авiялiнii, калi нас на тыднi, месяцы, гады забiралi ў палон пяскi, калi мы незваротна лёталi ад форта да форта без надзеi, што неўзабаве зноў трапiм у тую ж мясцiну. Гэтая пустыня не дарыла нам падобныя аазiсы: сады i дзяўчаты - гэта проста казкi! Ну, канечне, некалi мы адпрацуем тут i вернемся ў далёкi-далёкi край, каб пачаць новае жыццё, i ў тым краi нас чакаюць тысячы дзяўчат. Ну, канечне, там, сярод сваiх кнiг i ручных мангустаў, яны цярплiва спеляць для нас свае пяшчотныя душы. I самi робяцца такiя вытанчаныя, чароўныя...
Але я ведаю, што такое адзiнота. Тры гады ў пустынi выдатна давялi мне, што гэта такое. Тут палохае не тое, што ў нейкiм выкапнёвым царстве марнуецца твая маладосць, - тут здаецца, што там, удалечынi, старэе ўвесь белы свет. На дрэвах саспелi плады, на нiвах ускаласаваўся ўраджай, парасцвiтала хараство жанчын. Час прамiнае, i трэ было б паспяшацца дадому... Час прамiнае, а далеч усё не адпускае цябе. I дары зямлi выслiзгваюць мiж пальцаў, як танюткi пясок барханаў.
Звычайна людзi не адчуваюць плынi часу. Жыццё здаецца iм цiхiм i запаволеным. А вось мы i на нядоўгай стаянцы адчуваем бег часу, нам па-ранейшаму плешчуць у твар пругкiя, вечна жывыя пасаты. Мы - як пасажыр хуткага цягнiка: аглушаны перастукам колаў, ён iмчыцца праз ноч i па мiмалётных россыпах агнёў за вагонным акном здагадваецца пра палi, сёлы, дзiвосныя мясцiны, але ўсё гэта не пакiдае трывалага следу ў памяцi, усё прападае, бо ён - у дарозе, ён iмчыцца далей. Гэтак i нас, яшчэ злёгку ўзбуджаных ад палёту, не супакойвала нават мiрная стаянка, вецер свiсцеў у вушах, i ўсё яшчэ мроiлася, што мы яшчэ ў дарозе. I здавалася, нас таксама, насупор усiм вятрам, нясе ў невядомую будучыню стукат нашых няўтольных сэрцаў.
Няскораныя плямёны - неад'емная частка пустынi. Ночы на Кап-Джубi, як боем гадзiннiка, былi рассечаны на чвэрцi гадзiны рэгулярнай i гучнай пераклiчкай вартавых.
