Гэткiм чынам гiшпанскi форт Кап-Джубi, якi знаходзiўся ва ўладаннях няскораных плямёнаў, аберагаў сябе ад затоенай у мораку небяспекi. А мы, пасажыры гэтага сляпога карабля, слухалi, як то блiжэй, то далей раздаюцца гэтыя воклiчы, як яны лунаюць, кружаць вакол нас, быццам чайкi. I ўсё-такi мы любiлi пустыню.

Калi напачатку i ствараецца ўражанне, што яна - толькi пустэльня i цiша, дык гэта толькi таму, што яна раскрываецца далёка не кожнаму. Сама звычайная вёска - i тая мае свае таямнiцы. Калi мы не адрачомся дзеля яе ад рэшты свету, калi мы не ўдзельны ў яе традыцыях, звычках, перажываннях, мы нiчога не даведаемся, што яна для тых, каму яна - радзiма. Альбо вось жыве побач з намi чалавек, але ён замураваўся ў сваiм манастыры i жыве паводле невядомых нам правiлаў, - i вось ужо гэты чалавек апынаецца для нас у сапраўдных цiбецкiх нетрах, у такой далечы, куды нiколi не дабрацца нам анiякiм самалётам. Хай сабе мы i прыйдзем у ягоную келлю! Яна будзе пустая. Царства чалавека ўнутры яго. Так i пустыня - гэта не пяскi, не туарэгi, нават не маўры, узброеныя вiнтоўкамi...

Але сёння нас змучыла смага. I толькi сёння мы робiм адкрыццё: ад калодзежа, якi мы даўно зналi, свецiцца ўсё наваколле. Гэтак жанчына, якая не паказваецца на вочы, заварожвае ўвесь дом. Адзiн нейкi калодзеж запаноўвае намi, як любоў.

Пяскi толькi напачатку пустынныя, але настае такi дзень, калi, асцерагаючыся атрада няскораных арабаў, пачынаеш вывучаць складкi гэтага шырознага плашча, якi захутвае iх. Блiзкасць варожага атрада таксама зыначвае воблiк пяскоў.

Мы прынялi правiлы гульнi, i яна пераўтварае нас. Сахара такая, якой яна выяўляецца ў нас самiх. Каб разгадаць яе, мала пабываць у аазiсе, трэба паверыць у ваду, як у Бога.

2

Ужо ў першым палёце я пакаштаваў пустыню. Мы - Рыгель, Гiёмэ i я пацярпелi аварыю непадалёк ад форта Нуакшот. Гэты маленькi пост у Маўрытанii ў той час быў зусiм адрэзаны ад свету, як згублены ў моры астравок. Там жыў адзiн стары сяржант са сваiмi пятнаццаццю сенегальцамi. Ён сустрэў нас, як пасланнiкаў неба.



48 из 122