- Каб вы толькi ведалi, што гэта значыць для мяне - пагаварыць з вамi!.. Каб вы толькi ведалi!

Для яго гэта нешта значыла: ён плакаў.

- За апошнiя паўгода вы тут першыя госцi. Прыпасы мне дастаўляюць двойчы ў год. То лейтэнант прыедзе, то капiтан. Апошнiм разам прыязджаў капiтан...

Мы ўсё яшчэ былi прыгаломшаныя. За дзве гадзiны лёту ад Дакара, дзе нам ужо рыхтуецца снеданне, нечакана нешта псуецца ў маторы - i твой лёс рэзка мяняецца. I вось ты ўжо iграеш ролю прывiда перад старым сяржантам, якi плача ад радасцi.

- Выпiце, калi ласка, мне так прыемна прапанаваць вам чарку! Гэта ж трэба, у той раз капiтан прыехаў, а ў мяне нават не было чым пачаставаць яго!

Я ўжо расказаў пра гэта ў адной сваёй кнiзе, i я нiчога не выдумаў. Сяржант так i сказаў:

- Тады ў мяне нават i чокнуцца не было чым... Такая ганьба, я нават прасiў, каб мяне змянiлi...

Чокнуцца! Выпiць на радасцях чарку вiна з чалавекам, якi саскочыць з узмыленага вярблюда! Цэлых шэсць месяцаў жыць чаканнем гэтай хвiлiны. Яшчэ за месяц да гэтага начышчаць зброю, ад склепа да вышак вышароўваць пост. У прадчуваннi блаславёнага дня з высокай тэрасы нястомна ўзiрацца ў далягляд, а можа, там ужо клубiцца пыл, можа, ён ужо наблiжаецца, жаданы атрад з Атара...

Але няма вiна: немагчыма адзначыць свята. Няма чым чокнуцца. I адчуваеш сябе зняслаўленым...

- Я спадзяюся, што ён вернецца. Я так чакаю яго...

- А дзе ён, сяржант?

I сяржант паказвае на пяскi:

- Хто яго ведае, наш капiтан - ён усюды!

Яна сапраўды была, тая ноч, праведзеная на тэрасе форта ў размове з зорамi. Апроч зор, там не было чаго вартаваць. А iх было безлiч, як у час палёту, толькi цяпер яны заставалiся на сваiх месцах.

У палёце, калi ноч занадта чароўная, часам так залетуценiшся, што забываеш кiраваць, i самалёт спакваля адхiляецца ўлева.



49 из 122