
Магчыма, ён нават паважаў iх, тых афiцэраў, якiх потым пазабiваў. Але над усiм бярэ верх любоў да Алаха.
- Добрай ночы, Эль Мамун.
- Беражы цябе бог!
Афiцэры захутваюцца ў коўдры, укладваюцца на пяску, як на плыце, тварам да зор. Вось яны, зоры, якiя павольна кружацца, вось яно, неба, якое адзначае ход часу. Вось яна, поўня, схiленая над пяскамi, якую зводзiдь на нiшто Ягоная Мудрасць. Хрысцiяне хутка заснуць. Яшчэ некалькi хвiлiн, i будуць свяцiцца адны зоры. I тады, каб вярнуць аслабелым плямёнам iх былую славу, каб аднавiць гэтыя пагонi, адзiна якiмi i праменяцца пяскi, хопiць аднаго слабога ўскрыку гэтых хрысцiян, якiя будуць утоплены ва ўласным сне. Яшчэ некалькi секунд, i з непапраўнасцi народзiцца новы свет...
I ўсчынаецца забойства прыгожых сонных лейтэнантаў.
5
Я ў Джубi, сёння Кемаль i ягоны брат Муян запрасiлi мяне ў госцi, i вось я п'ю ўжо гарбату у iхнiм шатры. Муян моўчкi глядзiць на мяне i, прыкрыўшы рот сiняю хусцiнай, захоўвае дзiкаватую насцярожанасць. Кемаль адзiн размаўляе са мной i выказвае знакi павагi:
- Мой шацёр, мае вярблюды, мае рабы - усё тваё.
Муян, не зводзячы з мяне вачэй, нахiляецца да брата, кажа яму нешта i зноў замуроўваецца ў сваё маўчанне.
- Што ён сказаў?
- Ён сказаў: Банафу ўкраў у Р'Гейбаце тысячу вярблюдаў.
Я не быў знаёмы з капiтанам Банафу, камандзiрам атрада мехарыстаў з лёгкай кавалерыi Атара. Але я ведаў, якая вялiкая слава ходзiць пра яго сярод маўраў. Яны з гневам гавораць пра яго, але гавораць як пра бога. Ягоная прысутнасць надае каштоўнасць пяскам. Вось i сёння ён зноў няведама якiм чынам узнiк у тыле атрада няскораных арабаў, якi рухаўся на поўдзень, адбiваючы ў iх сотнi вярблюдаў, вымушаючы iх, каб зберагчы свае скарбы, уступаць у бой тады, калi яны лiчылi сябе ў бяспецы. I цяпер, выратаваўшы Атар гэтым архангельскiм з'яўленнем, разбiўшы свой лагер на высокiм вапняковым плато, ён бясстрашна стаiць там як сведчанне, як залог таго, што гатовы да схваткi, i такая праменнасць зыходзiць ад яго, што плямёны самi кiдаюцца на пошук ягонага мяча.
