Муян глядзiць на мяне яшчэ суровей i зноў нешта кажа.

- Што ён сказаў?

- Ён сказаў: "Заўтра мы пойдзем на Банафу. Трыста ружжаў".

Я i сам здагадваўся пра сёе-тое. Гэтыя вярблюды, якiх тры днi падрад водзяць на вадапой, гэтае ажыўленне, гэты ўздым. Такое ўражанне, быццам прыводзяць у парадак снасцi нябачнага паруснiка. I ўжо дзьме спадарожны вецер, якi вынесе яго ў адкрытае мора. З ласкi Банафу кожны крок на поўдзень авеяны славай. I я ўжо не магу зразумець, чаго ў тых паходах болей - нянавiсцi цi любовi.

Як шыкоўна мець на свеце такога цудоўнага ворага, якога трэба звесцi са свету! Там, дзе ён з'яўляецца, блiжэйшыя плямёны похапкам складваюць свае шатры, зганяюць вярблюдаў i ў жаху ўцякаюць прэч, каб не сустрэцца з iм твар у твар, але ў сама аддаленых плямёнаў пачынае кружыцца галава, як яна кружыцца ад любовi. Людзi самохаць iрвуцца з цiхамiрнасцi шатроў, з абдымкаў жанчын, са шчаслiвага забыцця, людзям пачынае здавацца, што найважненшым у свеце было б пасля двух месяцаў знясiленай хады на поўдзень, пасля спапяляльнай смагi, сядзення на кукiшках у чаканнi, калi сунiмуцца пясчаныя буры, знянацку напасцi на золку на Атарскi атрад кавалерыстаў i, калi будзе на тое воля бога, забiць капiтана Банафу.

- Банафу дужы, - прызнаецца Кемаль.

Цяпер я ведаю iх тайну. Як тыя, мужчыны, што прагнуць любовi жанчыны, а пры згадцы, як яна абыякава i нетаропка праходзiць мiма, усю ноч напралёт варочаюцца з боку на бок, параненыя, спапялёныя гэтай абыякавасiцо, якая не дае iм спакою i ў сне, - гэтак i iх мучаць далёкiя крокi Банафу. Змушаючы да бегства кiнутыя супроць яго атрады, гэты па-маўрытанску апрануты хрысцiянiн на чале сваiх двухсот пiратаў-маўраў пранiк у глыб незалежных земляў, туды, дзе нават сама няўдалы з яго ўласных салдат за мяжой французскiх уладанняў мог бы беспакарана ачнуцца ад свайго рабства i на каменным алтары прынесцi яго ў ахвяру свайму богу, туды, дзе iх стрымлiвае толькi яго аўтарытэт, дзе нават сама яго бездапаможнасць палохае iх. I гэтай ноччу ён, абыякавы, зноў ходзiць i ходзiць у iх цяжкiх снах, i ягоныя крокi гулка адзываюцца ў самым сэрцы пустынi.



58 из 122