Калi Банафу вернецца ў Францыю, яго ворагi, замест таго каб радавацца гэтаму, будуць аплакваць яго, быццам разам з ягоным ад'ездам пустыня страцiла адзiн са сваiх магнiтаў, а iхняе iснаванне - кроплю прывабнасцi, i яны запытаюцца ў мяне:

- Чаму ён з'ехаў адсюль, твой Банафу?

- Не ведаю...

Ён рызыкаваў сваiм жыццём, як яны сваiм, i рызыкаваў гадамi. Ён зрабiў iхнiя звычкi сваiмi звычкамi. Ён спаў, паклаўшы галаву на iхнiя камянi. У бясконцых пагонях i ён, як яны, праводзiў ночы сам-насам з зоркамi i ветрам, як у бiблейскiя часы. I раптам ён пакiдае iх, быццам заяўляе, што гэтая гульня не галоўнае для яго. Ён з лёгкiм сэрцам устае з-за стала. I маўры, якiя змушаны гуляць без яго, страчваюць веру ў сэнс жыцця, якое болей не вымагае ад людзей самой iх плоцi. I ўсё-такi iм хочацца верыць у яго.

- Ён яшчэ вернецца, твой Банафу?

- Не ведаю.

"Ён яшчэ вернецца", - думаюць маўры. Яго ўжо не змогуць задаволiць эўрапейскiя гульнi - нi карты, нi павышэнне па службе, нi жанчыны. Яго неадступна будуць праследаваць думкi пра сваю страчаную годнасць, i ён вернецца туды, дзе кожны крок прымушае часцей забiцца сэрца, быццам гэта крок да любовi. Яму здалося, што туташняе жыццё яго - толькi прыгоды, што галоўнае ён набудзе там, але з цягам ён з агiдай выявiць, што адзiна сапраўднымi скарбамi ён валодаў тут, у пустынi: гэтымi чарамi пясчаных абшараў уночы, гэтай цiшынёй, гэтай радзiмай ветру i зор. I як толькi Банафу вернецца, вестка пра гэта ў першую ж ноч разнясецца па ўсiх землях няскораных плямёнаў.

Маўры даведаюцца, што ён начуе недзе ў Сахары разам з дзвюма сотнямi сваiх пiратаў. I тады моўчкi павядуць на вадапой вярблюдаў. Запасуцца паболей ячменем. Правераць ружжы. Рухомыя сваёй нянавiсцю - цi, магчыма, любоўю.

6

- Схавай мяне ў самалёце i адвязi ў Маракеш...

Кожны вечар раб маўраў у Джубi звяртаўся да мяне з гэтай сваёй кароткай просьбаю. I зрабiўшы гэткiм чынам ўсё, што мог, для ўратавання свайго жыцця, ён сядаў, падкурчыўшы накрыж ногi, i гатаваў мне гарбату.



60 из 122