З гэтай хвiлiны ён на цэлыя суткi набываў спакой, даверыўшыся, як яму думалася, адзiнаму лекару, якi мог вылечыць яго, паслаўшы сваю малiтву адзiнаму богу, якi мог выратаваць яго. Цяпер, схiлiўшыся над iмбрыкам, ён мог зноў бясконца перабiраць у памяцi няхiтрыя малюнкi свайго мiнулага - чорныя землi роднага Маракеша, ружовыя дамы, сцiплыя радасцi, якiх ён быў пазбаўлены. Ён не наракаў нi на маё маўчанне, нi на тое, што я не спяшаюся вяртаць яму жыццё: я для яго не такi ж чалавек, як ён сам, а нейкая сiла, якую трэба выклiкаць да дзеяння, нешта накшталт спадарожнага ветру, якi некалi ўзвее i над ягоным лёсам.

Але ў мяне, звычайнага лётчыка, што на некалькi месяцаў апынуўся начальнiкам аэрапорта ў Кап-Джубi, адзiным багаццем якога быў барак, прылеплены да гiшпанскага форта, а ў гэтым бараку - тазiк, збан мутнай вады i куртаты ложак - у мяне было куды меней iлюзiй адносна маёй магутнасiц:

- Дружа Барк, будзе вiдно...

Усiх рабоў завуць тут Баркамi; яго таксама звалi Баркам. Але чатыры гады, праведзеныя ў палоне, усё-такi не скарылi яго: ён не мог забыць, што быў некалi царом.

- Чым ты займаўся ў Маракешы, Барк?

У Маракешы, дзе, безумоўна, яшчэ жылi яго жонка i трое дзяцей, ён займаўся дзiвоснай справай.

- Я пераганяў статкi, i мяне звалi Магаметам!

Тамашнiя каiды-губернатары выклiкалi яго да сябе:

- У мяне ёсць быкi на продаж, Магамет! Прыганi iх з гор.

Альбо:

- У мяне ў нiзiне тысячы авечак, адвядзi iх на альпiйскiя лугi!

I Барк, узброены скiпетрам з алiвы, кiраваў iх перасяленнем. Адзiн у адказе за процьму авечак, у клопаце за яшчэ ненароджаных ягнят, стрымлiваючы сама шустрых i падганяючы леных, ён крочыў наперад, акружаны ўсеагульным даверам i паслушэнствам. Адзiны, хто ведаў, да якiх земляў абяцаных яны праставалi, адзiны, хто ўмеў чытаць свой шлях па нябесных свяцiлах, ацяжараны ведамi, якiя не раздзелiш з атарай, ён сам, як падказвала ягоная мудрасць, выбiраў i час адпачынку, i час вадапою. I ноччу, вартуючы яе сон, ахоплены пяшчотай да такой безлiчы несвядомых, безабаронных iстот, стоячы па каленi ў воўне, Барк - лекар, прарок i цар - малiўся за свой народ.



61 из 122